top of page

Ваеннае становішча ў Беларусі


Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч аб наступствах увядзення ваеннага становішча


Пасля заявы дыктатара аб тым, што беларускае войска ўступіць у канфлікт з Украінай на баку Расіі ні ў каго не засталося ілюзій адносна таго, што ў вайну, пра якую ўвесь час паўтараюць прапагандысты , так ці інакш апынуцца ўцягнутыя беларусы.


Але сёння хачу пагаварыць не аб ацэнцы тэорый і верагоднасцей, а што адбудзецца з намі ў выпадку ўвядзення ваеннага становішча з прававога і арганізацыйнага пункту гледжання.


Бо дыктатар увесь час кажа аб вайне, але абсалютна не клапоціцца аб тым, што рушыць услед за працэдурай увядзення ваеннага становішча.


Увогуле нічога новага. Роўна гэтак жа нечакана для камунальнікаў кожную зіму выпадае снег, а ўрад не рыхтуе краіну да эпідэміі COVID нават праз два гады пасля яе пачатку.


Таму мы расказваем, што трэба ведаць беларусам пра ваеннае становішча.


Падставамі для ўвядзення ваеннага становішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца ваенная пагроза або напад. І гэта не толькі непасрэдная ўзброеная агрэсія. Дастаткова павышанай актыўнасці замежных ваенных па перыметры граніц Беларусі, каб было прынята рашэнне аб наяўнасці падставы для ўвядзення ваеннага становішча.


Аб увядзенні ваеннага становішча выдаецца ўказ. У ім указваюцца падставы і час пачатку дзеяння ваеннага становішча. Па вялікім рахунку ў адну не вельмі выдатную раніцу вы можаце прачнуцца ў краіне, у якой ужо ўведзены шэраг абмежаванняў грамадзянскіх і эканамічных правоў.


І менавіта ў гэтых абмежаваннях крыецца выгада для рэжыму ад увядзення ваеннага становішча на падставе нейкага нязначнага лакальнага канфлікту ці нават проста з-за асцярог і падазрэнняў, што ён можа ўзнікнуць . А на сёння такіх падстаў дастаткова.



На перыяд ваеннага становішча могуць:

  • уводзіць каменданцкую гадзіну і цэнзуру;

  • абмяжоўваць або забараняць перамяшчэнні як праз мяжу Беларусі, так і ўнутры яе тэрыторыі і нават асобнага населенага пункта;

  • блакаваць або поўнасцю адключаць любыя віды сувязі;

  • абмяжоўваць або спыняць банкаўскія аперацыі;

  • змяняць рэжым працоўнага часу;

  • адсяляць насельніцтва і канфіскоўваць маёмасць;

  • спыняць выплаты дапамог;

  • ануляваць ліцэнзіі і дазволы;

  • экспрапрыяваць вытворчыя памяшканні і бізнесы цалкам.


Вы будзеце абавязаны выконваць усе патрабаванні органаў ваеннага кіравання.


Усяго ў Законе аб ваенным становішчы — больш за 40 пунктаў таго, у чым вас могуць абмежаваць, і гэты пералік не з'яўляецца закрытым.


Адмяняецца ваеннае становішча ў выпадку адпадзення падстаў для яго ўвядзення.


Такім чынам уся жизнь у краіне на нявызначаны тэрмін можа быць абсалютна законна перакладзена на вайсковыя рэйкі.


У вас не застанецца практычна ніякіх гарантаваных правоў, акрамя права на само жыццё. Што ва ўмовах магчымага ўзброенага канфлікту і мабілізацыі насельніцтва таксама бачыцца вельмі сумнеўным.


Мы не жадаем палохаць вас прывідам вайны.


Мы нагадваем, што Лукашэнка выкарыстоўвае ўсе магчымыя інструменты, каб максімальна ўскладніць ваша жыццё дзеля падаўжэння свайго знаходжання ва ўладзе.


Як з гэтым змагацца?


Усімі законнымі і бяспечнымі для вас спосабамі. Напрыклад, зрабіць свой бюлетэнь несапраўдным падчас так званага «рэферэндуму». Сказаўшы такім чынам, што вы супраць рэжыму, супраць беспадстаўнага ўвядзення ваеннага становішча і супраць любога іншага беззаконня ў Беларусі. Але найперш сказаць — вы супраць вайны!


Як мы можам супрацьстаяць перспектыве ўвядзення ваеннага становішча?

Comments


bottom of page