Па прапанове НАУ ЕС увёў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і падтрымку агрэсіі Расіі супраць Украіны. Паводле абгрунтавання Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) з'яўляецца адным з асноўных удзельнікаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з незаконна акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.
БРСМ займаецца перавыхаваннем, палітычнай і ідэалагічнай апрацоўкай дзяцей, а таксама каардынуе практычныя аспекты, такія як размяшчэнне дзяцей на тэрыторыі Беларусі. Таму БРСМ матэрыяльна падтрымлівае дзеянні, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны.
Пад санкцыямі ЕС у 14 пакеце супраць Расіі ўнесены і кіраўнік БРСМ Аляксандр Лук'янаў. Таксама за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь пад санкцыі ЕС трапіў сакратар так званай Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
Уводзячы санкцыі за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, ЕС яшчэ раз фіксуе факт парушэння ўкраінскага заканадаўства і адміністрацыйнага парадку па перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. А гэта ў сваю чаргу фіксуе факт парушэння міжнароднага права і пацвярджае важнасць праведзенай НАУ працы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці.
Таксама пад санкцыямі апынулася прадпрыемства ВПК Беларусі — ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне» (БелОМА) і яго дырэктар Аляксандр Мароз. БелОМА пастаўляе камплектуючыя для ўзбраення расійскай арміі, якія выкарыстоўваюцца ў агрэсіі супраць Украіны.
Па прапанове НАУ ЕС увёў санкцыі супраць сістэмы фінансавых паведамленняў банка Расіі (СПФС). Разам з абгрунтаваннем санкцый на прадпрыемствы ВПК Беларусі, іншымі прапановамі, у тым ліку па персанальных абмежаваннях, Павел Латушка 11 снежня 2023 года перадаў прапановы аб накладанні санкцый на СПФС разам з адпаведным абгрунтаваннем, а таксама апісаннем ролі СПФС у абыходзе ўжо ўведзеных абмежаванняў Дэвіду О'Салівану ўпаўнаважанаму па санкцыях ЕС.
Наша праца па расследаванні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, а таксама іншыя санкцыйныя прапановы знайшлі адлюстраванне ў новым санкцыйным пакеце супраць Расіі. Мы і далей працягнем нашу працу па санкцыйным ціску і прыцягненню да адказнасці парушальнікаў нормаў міжнароднага права. У сераду запланаваная сустрэча Паўла Латушкі са спецпрадстаўніком ЕС у пытаннях санкцыйнай палітыкі Дэвідам О'Саліванам у Бруселі, падчас якой будуць абмеркаваныя далейшыя крокі для ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.
コメント