З Днём Незалежнасці, моцная, рашучая, нязломная Украіна! З Днём незалежнасці, мужны, свабодны, нязломны ўкраінскі народ!
Руская імперыя, яе крамлёўскія гаспадары і іх салдаты марылі адабраць у вас гэты дзень, адабраць вашу незалежнасць, вашу свабоду і вашу зямлю. Яны былі ўпэўненыя, што гэта справа «трох дзён». Але яны нічога пра вас не ведалі
Яны нічога не ведалі аб народзе, гатовым змагацца за кожны метр сваёй зямлі, гатовым знішчаць арды акупантаў любымі магчымымі і немагчымымі сродкамі. Гатовым паглядзець гэтай імперыі зла проста ў вочы, паглядзець у вочы смерці, якую яна нясе — і выклікаць у гэтых вачах страх.
Акупанты з усходу называлі сябе «другім войскам свету» — і свет доўга ў гэта верыў. Пакуль не ўбачыў сапраўднае войска — войска Украіны. Пакуль не ўбачыў мужных і нязломных украінцаў і ўкраінак, для якіх рэйтынгі ваеннай моцы і прагнозы чужых разведак не значылі нічога, калі прыйшоў час абараняць свой дом і сваю зямлю. Вы паказалі ўсяму свету, што значыць быць сапраўднымі патрыётамі і ваярамі.
Героям слава! Кожнаму і кожнай!
Цяпер і ворагі, і саюзнікі Украіны ўбачылі, як яны ўсе памыляліся. Бо яны нічога не ведалі пра вас. Затое ведаюць зараз. Менавіта так — зараз нават ворагі ведаюць тое, што ад самага пачатку ведалі вы — перамога будзе за Украінай.
І гэтая перамога зменіць свет. Бо змагаючыся за сваю незалежнасць сёння, Украіна змагаецца і падае прыклад усім народам і краінам, якія пацярпелі ад рускага імперыялізму. Перамога Украіны — гэта шанец з ім скончыць. Шанец скончыць з гэтай імперыяй.
І мы, беларусы, таксама гэта разумеем. Ва ўмовах масавых рэпрэсій, дэпартацый, гібрыднай акупацыі нашай краіны, мы падтрымліваем Украіну. Разам з усім цывілізаваным светам.
У лютым 2022 года беларусы выйшлі на антываенныя акцыі пратэсту — не толькі за мяжой, але і ў самой Беларусі. Ведаючы, чым гэта пагражае. Бо прарасейскі рэжым узурпатара Лукашэнкі ад самага пачатку ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны на баку Расеі — супраць волі беларускага народа.
Але нават тысячы новых арыштаў і прысудаў за антываенныя пратэсты не спынілі беларускіх рэйкавых партызан, якія рызыкуючы свабодай, здароўем і жыццямі спынялі рух расійскіх вайсковых эшалонаў. Не спынілі падполле, якое перадавала і працягвае перадаваць інфармацыю аб перамяшчэннях расейскіх войскаў у Беларусі. Не спынілі дыверсантаў, якія вывелі са строю расійскі самалёт навядзення. Не спынілі тысячы беларускіх валанцёраў.
Не спынілі нашых герояў-добраахвотнікаў, у якіх у Беларусі засталіся родныя і блізкія, але якія з першых дзён сталі плячо да пляча са сваімі пабрацімамі-украінцамі і разам бьюць акупантаў, абараняючы Украіну ў шэрагах ЗСУ. Усе яны - гонар беларускай нацыі. І іх шэрагі працягваюць расці.
Дэмакратычныя сілы Беларусі вядуць барацьбу з агрэсарам і на міжнароднай арэне. Мы працягваем змагацца за новыя санкцыі супраць абодвух агрэсараў - рэжыму Лукашэнкі і Расіі, выступаючы за гарманізацыю санкцый у дачыненні да іх абодвух, каб пазбавіць іх рэсурсаў і магчымасцяў абыходзіць санкцыі праз Беларусь. Мы вядзем кампанію за прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці за саўдзел у ваенных злачынствах, адным з якіх з'яўляецца дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей.
Мы разам змагаемся на інфармацыйным полі, супрацьстаім расійскай и прарасійскай прапагандзе, нягледзячы на ўсе намаганні якой большасць беларусаў не змяняе сваёй антываеннай пазіцыі.
І мы, беларусы, працягнем падтрымліваць Украіну, працягнем змагацца да перамогі. За вашу і нашу свабоду.
З Днём Незалежнасці, Украіна! Веру, упэўнены, што сваю 33-ю гадавіну незалежнасці Украіна сустрэне цалкам вызваленай, ў сваіх законных межах.
Як веру і ў тое, што наступнае віншаванне прыйдзе да Украіны ўжо ад імя вольнай Беларусі. Вольнай ад расійскай імперыі і яе марыянеткавага рэжыму.
Слава Украіне! Героям слава! І Жыве Беларусь!
24 жніўня 2023 года
Commenti