top of page

Больш за 48 тысяч грамадзян Беларусі звярнуліся па легалізацыю знаходжання на тэрыторыі Польшчы ў 2024 годзе


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Аднавіла сваю дзейнасць рабочая група, створаная Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, па пытаннях легалізацыі беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. 

Першае пасяджэнне рабочай групы днямі адбылося ў Варшаве на чале з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам. Беларускі бок узначальваў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета Віталь Малчанаў, кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская, дэлегатка Каардынацыйнай Рады Вольга Карпушонак.

Кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку аб тым, што за мінулы год больш за 48 тысяч грамадзян Беларусі звярнуліся з просьбай аб легалізацыі знаходжання ў Польшчы. Толькі за студзень 2025 года такіх зваротаў было больш за 4 тысячы, што, як адзначыў прадстаўнік польскага боку, дэманструе захаванне дынамікі зваротаў грамадзян Беларусі за легалізацыяй свайго знаходжання ў Польшчы.

Падчас сустрэчы быў абмеркаваны шэраг праблем, у прыватнасці:

Скарачэнне тэрмінаў разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы. 

Томаш Цытрыновіч паведаміў, што польскі бок прымае намаганні, каб скараціць тэрміны разгляду спраў па легалізацыі беларусаў у Польшчы. У другой палове 2025 года плануецца ўнесці змены ў закон аб замежніках, якія дазволяць увесці электронную сістэму падачы дакументаў для замежнікаў у рамках працэдуры легалізацыі. Як прадугледжваецца, змены паскораць разгляд спраў, мінімізуюць колькасць наведванняў заяўнікамі Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы і ўправаў ваяводаў, а таксама пазітыўна паўплываюць на праблему з пасярэднікамі. Працэдура будзе прадугледжваць электронную форму запаўнення анкеты з электронным подпісам, пазней – зварот у адпаведную інстанцыю для здачы адбіткаў пальцаў, перадачы дадатковых дакументаў (калі гэта будзе патрабавацца), а таксама для атрымання дакументаў;

Пытанні, звязаныя з падставамі для выдачы падарожных дакументаў.

Была абмеркавана магчымасць выдачы падарожных дакументаў для беларусаў не толькі ў выпадку сканчэння тэрміну дзеяння пашпарту альбо яго адсутнасці, але і ў выпадку сканчэння старонак для віз і пячатак альбо ў выпадку, калі пашпарт быў выдадзены больш за 10 гадоў таму. Томаш Цытрыновіч падтрымаў неабходнасць разгледзець магчымасці інтэрпрэтацыі дзейнага заканадаўства, якое дазволіць пашырыць падставы выдачы падарожных дакументаў для беларусаў. Пасля аналізу дзейнага заканадаўства Польшчы ў Кабінет будзе накіраваны адпаведны адказ;

Пытанні, звязаныя з тэрмінам выдачы падарожных дакументаў.

Павел Латушка прапанаваў разгледзець магчымасць выдачы падарожных дакументаў на тэрмін больш за 1 год, як ажыццяўляецца гэта на сённяшні момант. Прадстаўнік польскага боку праінфармаваў, што разглядаецца магчымасць унясення змен у заканадаўства з мэтай павялічыць тэрмін дзеяння дадзенага дакумента, але на сёння не акрэсліў, на які тэрмін гэты дакумент будзе выдавацца ў будучым;

Пытанні выдачы падарожных дакументаў дзецям грамадзян Беларусі.

Бакі абмеркавалі магчымасць выдачы падарожных дакументаў беларускім дзецям, якія нарадзіліся ў Польшчы, у выпадку, калі бацькі не могуць паехаць у Беларусь для афармлення пашпарта для дзіцяці. Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ў гэтай сітуацыі справы будуць разглядацца індывідуальна ваяводамі на падставе заяў бацькоў. 

Просім вас інфармаваць Кабінет @belcabinet_bot аб выпадках адмовы ў атрыманні дакументаў для дзіцяці, каб мы маглі адсочваць сітуацыю і інфармаваць Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы.

 

Commentaires


bottom of page