Павел Латушка і знакамітыя беларусы і беларускі падрыхтавалі віншаванне з Новым Годам, якое, спадзяемся, вас кране
Быць дома. Быць побач з сям’ёй, з самымі роднымі і блізкімі людзьмі. Быць на Радзіме. Быць у бяспецы. Быць на свабодзе. Быць свабодным. Шчаслівым. Здаровым. Марыць. Верыць. Такія простыя, звычайныя рэчы. Але такія каштоўныя.
І часам такія недасягальныя. Асабліва ў нашыя часы.
Але не сёння аб гэтым. Сёння — свята. Свята тых самых, простых і каштоўных рэчаў, якія ніхто для нас не зберажэ, акрамя нас саміх.
Таму сёння маё віншаванне для вас, беларусы і беларускі, дзе б вы не былі, дзе б не чакалі, пакуль гадзіннік праб'е 12, будзе такім — беражыце сябе. Беражыце тое, што маеце. Беражыце тых, хто побач. Беражыце ўсё тое, што вы здолелі захаваць, нават калі захаваць атрымалася не так шмат. Беражыце гэта, бо гэта падмурак, каб павярнуць страчанае, калі прыйдзе час. Беражыце, каб жыць — бо мы жывем, а значыць жыве надзея, жыве праўда, жыве нашая воля і жыве Беларусь!
Беражыце сябе, калі ласка. Беражыце адзін аднаго.
Беражыце сваіх сяброў ды паплечнікаў.
Беражыце сваю сям'ю, нават калі вас падзяляюць межы.
Беражыце сваю свабоду і прагу да яе.
Беражыце свой дом, нават калі ён часовы.
Беражыце сваю ідэнтычнасць, сваю годнасць і свае сумленне.
Беражыце тое, што робіць вас самімі сабой, што робіць вас беларусамі.
Беражыце сваю праўду і свядомасць.
Беражыце каханне — яно выратуе свет!
Беражыце і клапаціцеся пра тых, хто не можа паклапаціцца пра сябе сам.
Беражыце свой дабрабыт, нават калі здабываць яго давялося нанова.
Беражыце сваю культуру і свой добры густ.
Беражыце сваю родную мову і нацыянальную ідэю.
Беражыце сябе. Беражыце Беларусь.
Беражы сябе, Беларусь!
З Новым годам!
У віншаванні разам са сваімі блізкімі прынялі ўдзел:
Павел Латушка з мамай Валянцінай Васільеўнай і дачкой Янай
Намеснікі Паўла Латушкі, сябры НАУ і Кабінета: Амбасадар Уладзімір Астапенка, Арцём Праскаловіч, Арцём Брухан, Юрый Губарэвіч
Блогерка Аляксандра Ханевіч з сынам Аляксандрам
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, «Купалавец» Ігар Сігоў з жонкай Валерыяй
Актывістка Ганна Федаронак з дачкамі Лізай і Аляксандрай і ўнукамі Арынай і Андрэем
Чэмпіён Кубка свету па кікбоксінгу, спартовец Іван Ганін
Майстрыха беларускіх строяў, вядучая Кацярына Ваданосава з сынам Янам і дачкой Стэфаніяй
Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка з жонкай Вольгай і дачкой Стэфаніяй
Кіраўнік медыя-службы НАУ Юля Гарачая з мужам Канстанцінам і сынам Уладам
Алег Кулеша з сябрамі Беларускай Асацыяцыі палітвязняў «ДА ВОЛІ»
Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў
Рэдактары Еўрарадыё Зміцер Лукашук і Павел Свярдлоў
Праграмны дырэктар «Malanka Media» Каця Пытлева з дачкой Мірай і сынам Янам
Прадстаўнік АПК па па абароне і нацыянальнай бяспецы, падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык з жонкай Вольгай
Comments