Бельгія прыняла рашэнне далучыцца да групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ. У дадзеную групу ўваходзіць больш за 10 краін-партнёраў дэмакратычных сіл Беларусі. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар МЗС Бельгіі Йеран Курман падчас рабочай сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам у Міністэрстве замежных спраў Бельгіі. Галоўная тэма сустрэчы — рэалізацыя стратэгіі па падтрымцы беларускага грамадства, падтрымка незалежных СМІ і нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.
У ходзе сустрэчы былі закрануты пытанні адказнасці рэжыму Лукашэнкі за ўчыненыя злачынствы, у тым ліку адпаведнай падтрымкі Бельгіі і міжнародных арганізацый па адвакатаванні пытанняў адказнасці Лукашэнкі ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда.
Асобна абмеркаваныя пытанні адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Было абмеркавана таксама функцыянаванне інстытутаў дэмакратычных сіл Беларусі і іх падтрымка з боку МЗС Бельгіі.
Цяпер Бельгія старшынюе ў Еўрапейскім звязе. Адным з прыярытэтаў з'яўляецца прыняцце агульнага рашэння аб гарманізацыі санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыі за агрэсію супраць Украіны. Асаблівая ўвага ў санкцыйнай сферы была нададзена пытанню ўвядзення санкцый за выкарыстанне прымусовай працы палітычных зняволеных у турмах Беларусі.
Comments