Не так даўно Мінюст Беларусі зарэгістраваў новую палітычную партыю, якой па задуме стваральнікаў наканавана стаць у дзяржаве Лукашэнкі партыяй улады. Гаворка пра «Белую Русь», якая была створана на аснове раней існуючага грамадскага аб'яднання.
Давайце паглядзім на гэтую самую партыю бліжэй. З яе праграмай і кіраўніцтвам можна азнаёміцца на афіцыйным сайце. Заходзім на сайт і першае, што кідаецца ў вочы: у так званай партыі ўлады сайт толькі на рускай мове, а беларускамоўная версія чамусьці адсутнічае. Можа гэта выпадковасць, забыліся зрабіць? Ці ўсё ж не, і ў той будучыні, якую малюе новаствораная партыя для нашай краіны, месца для роднай мовы няма. Можа, як і няма самой Беларусі? Добра, не будзем згушчаць фарбы, можа гэта проста супадзенне. Глядзім далей.
Сам сайт аформлены не ў любімых сэрцу «ябацек» чырвона-зялёных танах, а ў нейкіх чорна-жоўтых, якія да болю нагадваюць так званую «георгіеўскую стужку» або колеры чорна-жоўта-белага сцяга, які актыўна выкарыстоўваецца рускімі радыкальнымі нацыяналістамі, накшталт Дзмітрыя Рагозіна, які нядаўна прыязджаў у Мінск. Лагатып партыі таксама мае вельмі дзіўны выгляд. Але што мы прыдзіраемся, гэта ўсё справа густу.
Акрамя цытат іх «правадыра» Лукашэнкі і Янкі Купалы, які нейкім цудам трапіў ў гэтую кампанію, на сайце размешчана цытата Уладзіміра Салаўёва. Не, не палохайцеся, не прапагандыста, а рускага рэлігійнага філосафа 19-га стагоддзя. Але зноў жа рускага. Разглядаючы гэты сайт і не адразу зразумееш, што гэта сайт беларускай партыі, як пазначана ў афіцыйнай назве «Белай Русі».
Дык хто ж узначальвае такую дзіўную палітычную арганізацыю? Знаёмцеся - Алег Раманаў, член Савета Рэспублікі, доктар філасофскіх навук, прафесар. Адным словам адукаваны, інтэлігентны чалавек. Нарадзіўся ў Гродне, там жа атрымаў вышэйшую адукацыю. Праўда вучыўся Раманаў на біёлага, а потым неяк само сабой перакваліфікаваўся і стаў філосафам.
Кар'еру сваю Раманаў пачынаў у Гродзенскім універсітэце. Сфера навуковых інтарэсаў філосафа — ні многа, ні мала «проблемы генезиса, устроения и перспектив развития восточнославянской цивилизации, классическая и современная русская философия, судьба государства в глобализирующемся мире».
Алег Раманаў закаранелы прыхільнік «русского мира». У назвах яго прац Беларусь фактычна не згадваецца, адсылкі ідуць выключна да «ўсходніх славян» ці Расіі. «Имперская парадигма в перспективе политического развития восточнославянских народов», «К проблеме духовно-ментальных оснований хозяйственной деятельности восточнославянских народов», «Русская философия в духовном опыте восточнославянских народов: прошлое, настоящее, будущее» — вось толькі некаторыя назвы публікацый гэтага аўтара.
Пасля працы ў гродзенскай ВНУ Раманаў пайшоў на павышэнне і стаў рэктарам Полацкага ўніверсітэта, дзе запомніўся зачысткай ідэалагічна няправільных на яго погляд выкладчыкаў. Раманаў на словах поўнасцю падтрымлівае цяперашнюю нелегітымную ўладу. Гэта лёгка зразумець з ягоных выказванняў наконт каранавіруса, пратэстаў 2020 года, міграцыйнага крызісу 2021. Аднак да пары, да часу, пакуль Лукашэнка яшчэ сядзіць у сваім крэсле. Але з поглядаў Раманава таксама зразумела, што галоўныя яго гаспадары знаходзяцца не тут, а далёка на ўсходзе, у самым сэрцы «восточнославянской цивилизации» і «русского мира» — Маскве.
Акрамя Раманава, у Вышэйшую палітраду «Белай Русі» таксама ўваходзяць такія вядомыя прыхільнікі ідэй «русского мира» і адыёзныя ўдзельнікі эфіраў расійскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў як Вадзім Гігін, Рыгор Азаронак і Аляксандр Шпакоўскі.
Вадзім Гігін — праўладны палітолаг і гісторык, старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды», а з нядаўняга часу яшчэ і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі.
Гігін ніколі не хаваў сваіх прарасійскіх поглядаў. Як і Раманаў ён прыхільнік ідэі, што беларусы — гэта частка так званага трыадзінага рускага народа, а Беларусь — паўночна-заходні край гістарычнай Расіі. Гэты падыход на бачанне гісторыі мае даўнюю традыцыю, яшчэ з часоў Расійскай імперыі, і называецца «западнорусизм».
Гісторык Гігін як сапраўдны адэпт «русского мира» лічыць нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага польскім тэрарыстам, а ідэал мудрага дзяржаўнага дзеяча бачыць у расійскім генерал-губернатары Міхаіле Мураўёве, якога празвалі «вешальнікам» за жорсткае падаўленне паўстання 1863-64 гадоў.
Прыблізна такі жа падыход у Гігіна і да сучаснай палітыкі. Ён усяляк усхваляе крамлёўскія ўлады і апраўдвае агрэсію Расіі супраць Украіны. Гігін падтрымлівае расійскія наратывы не толькі на словах, але і на справе. Напрыклад, восенню 2022-га прапагандыст ездзіў назіральнікам на «рэферэндум» у так званую «Луганскую Народную Республику».
Трэці персанаж увогуле выклікае агіду, дзякуючы сваім неадэкватным і хамска-істэрычным выказванням. Гэта Рыгор Азаронак, чалавек які за апошнія тры гады стаў сімвалам самай бруднай і адвязнай лукашэнкаўскай прапаганды.
Азаронак — прадстаўнік цэлай дынастыі прапагандыстаў. Ягоны бацька Юры праславіўся дзякуючы прапагандысцкаму фільму «Ненависть. Дети лжи», дзе яшчэ ў 1990-ых гадах, на пачатку кіравання Лукашэнкі, з дапамогай гебельсаўскіх прыёмаў ачарняў дзеячаў беларускай апазіцыі, за што нават атрымаў па твары ад самога Мікалая Статкевіча.
Апроч прапаганды ў тыя гады Азаронак-старэйшы займаўся і палітыкай, быў сябрам партыі «Белая Русь». Але не той партыі пра якую мы гаворым, а іншай, і поўнасцю яна называецца «Славянский Собор Белая Русь». Існавала гэтая арганізацыя яшчэ ў 1990-ыя гады і спавядала ідэалогію панрусізму.
Няцяжка зразумець, што яблычак ад яблынькі далёка не коціцца, так і Грыша ўвабраў у сябе вельмі спецыфічныя палітычныя погляды бацькі. Усё заходняе, нярускае, зрэшты як і беларускае чужое Рыгору, а ўсё светлае, чыстае і духоўнае можа зыходзіць толькі ад «триединой исконной святой Руси».
Чацвёрты дзеяч — Аляксандр Шпакоўскі, які ў мінулым лічыў сябе беларускім нацыяналістам ці нават нацыстам, зараз прапагандуе той жа нацызм, толькі ўжо пад расійскім імперскім сцягам. У прыватнасці, ён разам з яшчэ адным сябрам палітрады «Белай Русі» — галоўным бэрэсээмаўцам Аляксандрам Лук'янавым ездзіў у лагер «Дубрава» і прамываў розумы ўкраінскіх дзяцей прарасійскай прапагандай. Вось такія «цікавыя» персанажы сабраліся ў кіраўніцтве партыі ўлады, створанай Лукашэнкам.
Такім чынам, калі прыгледзецца бліжэй становіцца зразумела, што лукашэнкаўская партыя «Белая Русь» становіцца хутчэй праектам Масквы, чым палітычнай апорай ўлады для састарэлага дыктатара. Таму як толькі надыдзе момант і рэальная ўлада нелегітымнага Лукашэнкі пачне ператварацца ў пыл, яе павінны падхапіць гэтыя ўскормленыя на расійскія грошы дзеячы.
Задачы гэтых людзей, па-першае, забраць уладу ў Лукашэнкі, па-другое, не дапусціць, каб яна вярнулася да народа, а па-трэцяе — падрыхтаваць паглынанне Беларусі Расіяй. Людзі, якія стварылі так званую партыю ўлады, уцягваюць беларусаў, чальцоў так званай «партыі» у злачынства супраць беларускага народа. Пад шырмай партыі прыхільнікаў Лукашэнкі, яны стварылі арганізацыю, якая будзе прасоўваць у нашай краіне інтарэсы Крамля.
А інтарэсы гэтыя заключаюцца ў страце Беларуссю суверэнітэту і ўцягванні яе ў вайну.
Comments