top of page

Беларусь пад акупацыяй, але Лукашэнка — патрыёт?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Тыя, хто распавядае нам пра акупацыю Беларусі з боку Расіі, чамусьці адначасова катэгарычна выступаюць супраць эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але дзе ў гэтым логіка? Калі акупант захапіў і кантралюе эканамічныя рэсурсы нашай краіны, навошта дазваляць яму павялічваць гэтыя рэсурсы? Навошта дапамагаць акупантам? 

Калісьці нацысты акупавалі Чэхаславакію, а на частцы яе тэрыторыі з іх дазволу ўтварылася фармальна незалежная Славацкая дзяржава. Аднак, фактычна гэта дзяржава была сатэлітам нацысцкай Германіі, а эканоміка Славакіі працавала на патрэбы Трэцяга Рэйха.

Славакія стала складовай часткай нямецкага ВПК. Акрамя продажу ў Германію прадуктаў харчавання, славакі рабілі гарматы і тарпеды для нямецкіх падводных лодак, а для патрэб нацыстаў выраблялася паліва.

Згодна з двухбаковым пагадненнем Германія ўзяла на сябе «абарону» Славацкай дзяржавы і яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Немцам дазвалялася стварыць у Славакіі ваенныя аб'екты і заняць іх сваімі ваеннымі сіламі. У сваю чаргу Славакія ўзяла на сябе абавязацельствы, што будзе праводзіць сваю знешнюю і ваенную палітыку ў цесным згодзе з Трэцім Рэйхам.

У выніку гэтага Славакія стане суагрэсарам практычна ва ўсіх нападах, якія развязала нацысцкая Германія, гэтак жа як і Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, якая ўцягнутая ў агрэсію супраць Украіны і працягвае да цяперашняга часу ўсяляк дапамагаць агрэсару.

У выніку пранацысцкі рэжым у Славакіі дакіраваўся да таго, што ўсё скончылася славацкім нацыянальным паўстаннем у жніўні 1944 года. Славакам і ў галаву тады не прыходзіла, што тавары выпускаюцца для патрэб нямецкай эканомікі, эканомікі агрэсара — гэта праца на карысць славацкага народа. 

Але цяпер чамусьці шмат каму ў галаву прыходзяць ідэі, што рэжым Лукашэнкі трэба неадкладна вызваліць ад санкцый, каб паліва, лес і ўгнаенні зноў пайшлі на экспарт, а атрыманая ад іх продажу на Захадзе валюта пайшла на падтрыманне рэпрэсіўнага апарата і рэалізацыю сумесных з Расіяй праектаў у сферы ВПК.

«Санкцыі трэба неадкладна зняць!» — чуем мы. Але людзі, якія кажуць гэта, чамусьці забываюць, што паміж Беларуссю і Расіяй, дзякуючы Лукашэнку, няма рэальнай мяжы і гэта дазваляе агрэсару бесперашкодна правозіць на захад і назад сотні розных тыпаў тавараў, неабходных для патрэб Расіі, у тым ліку для падтрымання агрэсіі супраць Украіны. 

Асабліва некаторых турбуе лёс прадпрыемства «Беларуськалій», кіраўніцтва якога прымае актыўны ўдзел у праектах т. зв. Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, яно ўдзельнічае ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі з наступнай іх індактрынацыяй у духу ідэалогіі «рускага свету».

Але некаторыя аддаюць перавагу не звяртаць на гэта ўвагу і заяўляюць, што прадпрыемства спрабуюць займець рускія алігархі. Тым часам Расія, чамусьці нават на шкоду сваім алігархам, якія такіх прывілеяў не маюць, падае «Беларуськалію» зніжкі да 40% на транспарціроўку па сваёй тэрыторыі калійных угнаенняў.

Мы часам чуем, што «дэмсілы і іх заклікі да санкцый загубілі беларускага калійнага гіганта». Але ў 2023 годзе «Беларуськалій» практычна выйшаў на дасанкцыйныя аб'ёмы вытворчасці і экспарту ўгнаенняў, тым самым загружаючы магутнасці і даючы нашым шахцёрам магчымасць працаваць, але без права ствараць свае прафсаюзы і страйкаваць.

Ніхто не ўводзіў такія санкцыі, якія б забілі беларускія прадпрыемствы і пакінулі б беларусаў на вуліцы без сродкаў да існавання, ніхто не ізаляваў Беларусь цалкам, асуджаючы яе жыхароў на галодную смерць.

Санкцыі ўладкаваныя так, каб прадпрыемствы захоўваліся, але тыя, хто несправядліва нажываюцца на агульнанацыянальным багацці, пазбавіліся сваіх звышпрыбыткаў. Рабочыя, нягледзячы на санкцыі, атрымліваюць свае заробкі, ходзяць на працу.

 

Comments


bottom of page