Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку тэлеканала «Белсат», а таксама стратэгія па сітуацыі ў Беларусі падчас старшынства Польшчы ў ЕС — галоўныя тэмы абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Польшчы. Учора адбылася сустрэча з упаўнаважаным міністра замежных спраў Польшчы па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі, амбасадарам Томашам Хлонем, сёння — сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай.
Падтрымка і захаванне самастойнасці тэлеканала «Белсат» — прыярытэтна для беларускага дэмакратычнага грамадства. Павел Латушка адзначыў, што тэлеканал «Белсат» робіць значны ўнёсак у супрацьдзеянне прапагандзе рэжыму Лукашэнкі, данясенне да беларусаў аб’ектыўнай, праўдзівай і сумленнай інфармацыі пра бягучыя падзеі, пашырэнне выкарыстання беларускай мовы, супраць якой змагаецца рэжым Лукашэнкі.
Падчас сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай абмеркавана важнасць стратэгіі па Беларусі, асаблівая роля ў якой належыць Польшчы. Польшча гістарычна і культурна звязана з Беларуссю і беларускім народам, з’яўляецца краінай-суседкай Беларусі, мае сумесную мяжу. Разам з тым дзеянні рэжыму Лукашэнкі ствараюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі Польшчы, для бяспекі ўсяго рэгіёна. Як для беларускага грамадства, так і для суседніх краін важна, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, якая не будзе з’яўляцца донарам нестабільнасці ў рэгіёне.
Павел Латушка адзначыў: «Важна рабіць усё, каб не пераўтварыць Беларусь у Паўночную Карэю, каб не закрываліся межы, каб беларусы маглі камунікаваць з ЕС. Так, на жаль, ідзе вайна. Тое, што мы бачым сёння, тыя праблемы, якія ўзнікаюць для нас, для беларусаў, звязаныя з тым, што агрэсію супраць Украіны падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Віна за сітуацыю, якая складваецца сёння, у тым ліку на межах Беларусі — на баку асабіста Лукашэнкі і яго памагатых — менавіта яны падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны і менавіта яны займаюцца рэпрэсіямі ўнутры краіны».
Падчас сустрэчы абмеркавана будучае старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе, якое наступае з 1 студзеня 2025 года. Адно з першых дзеянняў падчас старшынства Польшчы ў ЕС — правядзенне Канферэнцыя імя Тадэвуша Касцюшкі, якая адбудзецца ў пачатку наступнага года ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці ў Гданьску. На канферэнцыю будуць запрошаныя прадстаўнікі ўсіх краін-членаў ЕС. Як плануецца, гэтая канферэнцыя будзе адной з галоўных падзей падчас старшынства Польшчы ў ЕС.
«Важна, каб падчас гэтай канферэнцыі былі выпрацаваны рашэнні, накіраваныя на тое, каб паскорыць змены ў Беларусі. Змены, за якія працягваюць змагацца беларусы», — адзначыў Павел Латушка.
Comments