top of page

Беларусь маёй мары



Доўгія гады мы чулі прапаганду пра «братэрства» і пра тое, што «без Расіі нам нікуды». Але ж куды нас прывёў гэты шлях, гэтая прапаганда і прарасійская палітыка рэжыма Лукашэнкі?


Адкажу: да амаль што 30-гадовай дыктатуры гэтага ж самага Лукашэнкі.


Да адсталай эканомікі, развіццё якой дыктатура наўмысна стрымлівала, займаючыся замест гэтага гандлем і паступовым продажам нашага суверэнітэту — у абмен на крэдыты, датацыі і танныя энерганосьбіты ад Расіі. І выдаючы гэта за свае «эканамічныя поспехі» — у той час, як дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё глыбей прыходзілі ў заняпад, а прыватны бізнэс наўпрост знічшаўся.


Менавіта гэты гандаль і штучна створаная залежнасць ад Расіі дазвалялі рэжыму Лукашэнкі трымацца ва ўладзе ўсе гэтыя гады — і дазволілі гвалтоўна ўтрымаць уладу ў 2020-м.


Коштам гэтай палітыкі для Беларусі стала яе пераўтварэнне ў ваенны палігон, расійская акупацыя і ўцягненне ў вайну супраць Украіны. Вайну, якой БЕЗ Расіі і Лукашэнкі наўпрост не было б.


Але ж вось куды мы прыйшлі разам з «братэрскай» Расіяй. Вось у якой кропцы мы знаходзімся зараз.


І ў гэтай кропке я хачу запытаць вас — ці пра такую Беларусь вы марылі? Ці каштавала таго «братэрства» з Расіяй і тыя танныя энерганосьбіты ды крэдыты, якія на многія гады запаволілі развіццё нашай краіны, а разам з тым прывялі яе да акупацыі і вайны?


Дык пра якую будучыню для Беларусі вы марыце зараз? З Расіяй і прарасійскім рэжымам ва ўладзе — ці цалкам незалежную, вольную і дэмакратычную Беларусь?


Мой адказ вы ведаеце.

Comments


bottom of page