Беларускія апазіцыянеры лабіруюць у Швейцарыі ўзмацненне жорсткасці пазіцыі для міжнароднага абвінавачання дыктатара Лукашэнкі. Адказнасць тут можа ляжаць і на швейцарскім Чырвоным Крыжы
Бернхард Адэхналь (арыгінал артыкула)
«Не, сітуацыя не памякчэла, — кажа Ўладзімір Астапенка. — Кожны дзень мы чуем пра новыя арышты, кожны дзень людзей катуюць. І кожны месяц мы чуем пра смерць зняволеных, якім адмоўлена ў медыцынскай дапамозе”.
Так Астапенка апісвае сітуацыю ў сваёй роднай краіне — Беларусі. Да 2020 года 60-гадовы дыпламат знаходзіўся на службе пры шматгадовым прэзідэнце Аляксандры Лукашэнку. Але пасля таго як Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і жорстка здушыў пратэсты грамадзянскай супольнасці, Астапенка з'ехаў у выгнанне і зараз прадстаўляе беларускія дэмакратычныя сілы ў Брусэлі.
На гэтым тыдні Астапенка разам з невялікай камандай адправіўся ў Швейцарыю, каб прыцягнуць увагу да таго, што не толькі Расія, але і партнёр Уладзіміра Пуціна Лукашэнка ў Беларусі топчуць нагамі правы чалавека. «Насамрэч усе факты ў наяўнасці, — кажа Астапенка, — не хапае толькі палітычнай волі Захаду і рашучасці дзейнічаць. Вось ужо больш за два гады мы просім аб дапамозе і заклікаем да рэальных дзеянняў».
У сваім багажы яны маюць першае комплекснае даследаванне «Злачынства супраць чалавечнасці ў Беларусі» — гэта юрыдычны аналіз магчымасцей міжнароднай супольнасці, і перш за ўсё Міжнароднага крымінальнага суда, прыцягнуць беларускі рэжым да адказнасці. На думку Астапенкі, «Беларусь сёння — гэта вялізная турма. Таму нам патрэбная падтрымка абвінавачання Лукашэнкі Міжнародным крымінальным судом».
У Швейцарыі беларускія апазіцыянеры сустракаюцца з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый у Цюрыху і Жэневе. З якімі менавіта, застаецца таямніцай. Асобы сябраў каманды Астапенкі таксама не раскрываюцца, паколькі яны маюць сваякоў у Беларусі і асцерагаюцца помсты з боку рэжыму.
Беларусь не ўваходзіць у лік 123 дзяржаў свету, якія прызнаюць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. Але беларускія эксперты спасылаюцца на прыклад М'янмы, адкуль ахвяры дыктатуры былі вымушаныя бегчы ў суседнія дзяржавы, якія прызнаюць гэты крымінальны суд, а суддзі ў Гаазе вырашылі, што такія злачынствы, учыненыя у самой М'янме, таксама трапляюць пад юрысдыкцыю суда. Гэтае рашэнне можа прымяніць і да Беларусі, лічыць апазіцыя, бо большасць ахвяраў Лукашэнкі былі вымушаныя бегчы ў Польшчу ці ў краіны Балтыі.
Уладзімір Астапенка прыводзіць прыклад грамадзянкі Беларусі і Швейцарыі Наталлі Хершэ, якая за ўдзел у акцыі пратэсту правяла амаль паўтара года ў беларускай турме, дзе яна падвяргалася псіхалагічным і фізічным катаванням. Ёй удалося выйсці на волю і яна можа стаць сведкай у Міжнародным крымінальным судзе, кажа Астапенка: «І яшчэ ёсць як мінімум тры ахвяры лукашэнкаўскіх рэпрэсій, якія змаглі бегчы ў Швейцарыю».
Яшчэ адна нагода для міжнароднага ўмяшання ў справы Лукашэнкі, на думку дэмакратычных сіл — гэта перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Устаноўленыя факты, калі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый перамяшчалі ў спецыяльныя лагеры, каб яны сталі «добрымі расійскімі грамадзянамі», а затым аддавалі іх на ўсынаўленне расійскім бацькам. Гэтаму ёсць мноства дакументальных пацверджанняў. У сувязі з гэтымі дэпартацыямі Міжнародны крымінальны суд выдаў міжнародны ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай упаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.
Аднак рэжым Аляксандра Лукашэнкі таксама датычны да гэтых выкраданняў дзяцей з Украіны. «Гэта пачалося яшчэ да вайны, — паведамляе былы пасол Астапенка. — У жніўні 2021 года каля 40 дзяцей былі вывезеныя ў Беларусь з дзіцячага дома № 1 Данецка. На працягу некалькіх тыдняў яны падвяргаліся расійскай індактрынацыі, затым іх адправілі назад на акупаваную тэрыторыю і адтуль — у Расію. У нас ёсць доказы таго, што сёння яны могуць быць усыноўленыя расейскімі бацькамі».
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну выкраданні ўкраінскіх дзяцей, як сцвярджаецца, праходзілі некалькімі хвалямі. Уладзімір Астапенка гаворыць пра 2100 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, якім цягам двух-трох тыдняў «прамывалі мазгі» ў лукашэнкаўскай Беларусі. Наступная перавозка запланаваная на верасень: «Украінскіх дзяцей вязуць з акупаваных тэрыторый у Беларусь. Гэта ваеннае злачынства».
Рэжым Лукашэнкі падае выкраданні як «гуманітарную акцыю на карысць ахвяраў вайны», апазіцыя называе гэта хлуснёй. «Замест медычнай дапамогі дзеці атрымліваюць лекцыі ад расійскіх прапагандыстаў і праваслаўных святароў», — гаворыць Уладзімір Астапенка. Як выяўляецца, да такой дэпартацыі датычны і Беларускі Чырвоны Крыж.
У гэтага сур'ёзнага абвінавачання ёсць сведка — кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў пацвердзіў у тэлеінтэрв'ю, што яго арганізацыя была датычная да выкрадання. Ён кажа пра «рэабілітацыю дзяцей», у арганізацыі якой удзельнічаў і надалей будзе ўдзельнічаць Беларускі Чырвоны Крыж. У адказ на гэта Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, якая базуецца ў Жэневе, выказала сваю «глыбокую заклапочанасць» у адносінах да пазіцыі члена сваёй федэрацыі.
Аднак прадстаўнік апазіцыі Уладзімір Астапенка таксама лічыць, што і ў швейцарскага Чырвонага Крыжа ёсць пэўныя абавязацельствы. Да гэтага часу ён быў адным з найбуйнейшых спонсараў беларускай партнёрскай арганізацыі. Прадстаўнік швейцарскага Чырвонага Крыжа пацвердзіў, што за апошнія чатыры гады для Беларусі выдзяляўся бюджэт у памеры аднаго мільёна франкаў, яшчэ 130 000 франкаў прадугледжаныя на 2023 год. Гэтыя грошы прызначаліся для рэалізацыі супольнага з беларускім Чырвоным Крыжом праекта «Паслугі па доглядзе і клопаце аб пажылых і ўразлівых людзях дома». Незалежна ад бягучых падзей, швейцарскі Чырвоны Крыж ужо прыняў рашэнне аб сыходзе з Беларусі ў 2024 годзе.
На гэты раз госці з беларускай апазіцыі не мелі прамога кантакту са швейцарскім Чырвоным Крыжом. Тым не менш, Уладзімір Астапенка адзначае, што праца па перакананні міжнародных арганізацый толькі пачынаецца, і выказвае надзею, што «Швейцарыя таксама дапаможа нам перадаць Лукашэнку міжнароднаму суду».
Comentários