top of page

Беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі


Павел Латушка
Павел Латушка Фота: НАУ-медыя

Павел Латушка звярнуўся да дзяржслужачых падчас слуханняў у Каардынацыйнай Радзе

Жадаю звярнуцца да тых, хто таксама вельмі ўважліва слухае дадзеную справаздачу. Знаходзячыся ўнутры сістэмы Лукашэнкі ў Беларусі.

Магчыма, вам здавалася, што лабісты Лукашэнкі дастаткова моцныя і ўплывовыя, каб рэжыму ўдалося пазбегнуць і новых санкцый, і дабіцца зняцця часткі санкцый, уведзеных раней?

Не. І вы выдатна бачыце гэта з маёй справаздачы.

Магчыма, вам здавалася, што сам Лукашэнка настолькі хітры, што нават развязаўшы масавыя рэпрэсіі ў Беларусі і ўвязаўшыся ў вайну супраць Украіны на баку Расіі, яму ўдасца пазбегнуць адказнасці за ўчыненне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці? Ці атрымаецца выставіць сябе "міратворцам" і "выратавальнікам дзяцей"?

Не. І вы цудоўна ведаеце пра гэта, ведаеце пра дакументы, перададзеныя намі ў Міжнародны крымінальны суд. З доказамі дачынення Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння і перавыхавання ўкраінскіх дзяцей. І зараз вы ведаеце таксама пра справаздачу аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. У якой зафіксавана, што ахвярамі такіх злачынстваў ужо з`яўляецца як мінімум 136 тысяч чалавек.

І я яшчэ раз звяртаю вашу асаблівую ўвагу на той устаноўлены справаздачай факт, што гэты напад на грамадзянскае насельніцтва ў Беларусі з'яўляецца дзяржаўнай палітыкай рэжыму Лукашэнкі.

Магчыма, вам усё яшчэ здаецца, што Лукашэнка дастаткова моцны і здольны кантраляваць сітуацыю хаця б унутры краіны?

Не. Замест гэтага ён здаў наш суверэнітэт на карысць Расіі. Дазволіў ператварыць Беларусь у расійскі вайсковы палігон, у новую ядзерную мішэнь на карце свету і ў логава для расійскіх наймітаў-тэрарыстаў з абсалютна непадкантрольнай яму ПВК “Вагнер”.

Дазволіў уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, а цяпер уцягваць яе ў патэнцыйны ваенны канфлікт з Польшчай - гэта значыць з НАТА. Вы ўяўляеце сабе наступствы? Упэўнены, што так.

Дык няўжо вы думаеце, што гэты чалавек, гэтая сістэма, якой вы працягваеце служыць, здольныя забяспечыць Беларусі нейкую стабільнасць, не кажучы ўжо пра развіццё? Што Лукашэнка здольны захаваць мір, абараніць Беларусь ад вайны і гарантаваць бяспеку? І вашу, у тым ліку, і вашых дзяцей.

А зараз я задам вам галоўныя пытанні:

- Вы сапраўды хочаце стаць міжнароднымі злачынцамі і ўсё жыццё пераследвацца за злачынствы супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўнасці?

- Вы хочаце працягваць служыць псіхапату і дэ-факта палітычнаму банкруту, які гатовы сцягнуць з сабой на самае дно ўсю краіну, у тым ліку кожнага з вас?

- Вы гатовыя дазволіць яму гэта зрабіць? Гатовы дазволіць яму працягваць вайну з Украінай і развязаць вайну Беларусі з Польшчай, вайну з НАТА? Вы гатовы стаць ваеннымі злачынцамі? Жыць у поўнай ізаляцыі ад цывілізаванага свету?

Мы яшчэ можам гэта спыніць. Калі не за 29 гадоў, то ўжо за гэтыя тры гады вы сапраўды павінны былі зразумець, хто з'яўляецца галоўнай праблемай Беларусі. Хто з'яўляецца галоўнай пагрозай для самога існавання Беларусі.

За гэтыя тры гады вы павінны былі, нарэшце, зразумець, што ў нас з вамі насамрэч - агульны вораг. І ягонае прозвішча Лукашэнка. З ім нам размаўляць няма пра што.

Яшчэ раз - заўтра Лукашэнка справакуе канфлікт з Польшчай і Літвой. Што вы будзеце рабіць тады? Што вы будзеце рабіць тады, калі краіны-суседзі закрыюць межы?

Вы як ніхто ведаеце, чаму гэта адбудзецца. Таму што Лукашэнка справакаваў у інтарэсах Крамля гібрыдную вайну з удзелам нелегальных мігрантаў, а сёння перамяшчае да межаў НАТА наймітаў "Вагнера".

Вы як ніхто разумееце чаму Захад пойдзе на закрыццё межаў. Вы зноў будзеце хлусіць беларусам.

У нас ёсць шэраг стартавых аргументаў для вас:

  1. Лукашэнку будуць пераследваць усё жыццё ў рамках міжнародна-крымінальнага пераследу.

  2. Шэраг з вас стаяць перад пагрозай аналагічнага пераследу, а нехта да гэтага ідзе і, магчыма, нават не па сваёй волі.

Але беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі. Калі, канешне, вы лічыце сябе беларусамі. Калі суверэнітэт Беларусі, яе незалежнасць і яе бяспека, важныя для вас таксама, як для нас.

Дзеля захавання незалежнасці і дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, дзеля аднаўлення міру, бяспекі і законнасці на беларускай зямлі, мы гатовы з вамі размаўляць.

Але гэтая размова павінна пачацца з поўнага спынення рэпрэсій і гвалту. У гэтым выпадку мы можам гарантаваць прыпыненне працы над далейшым санкцыйным ціскам і міжнародна-крымінальным пераследам.

У вас яшчэ ёсць час узгадаць пра тое, што вы беларусы.

У нас яшчэ ёсць час, каб уратаваць нашу краіну. Ігар Пятровіч Сяргеенка, Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў, Максім Леанідавіч Ермаловіч, Раман Аляксандравіч Галоўчанка, Мікалай Генадзевіч Снапкоў і інш.

Выходзьце на сувязь. Кантакты ў вас ёсць. А мы працягваем працу. Працягваем змагацца за Беларусь.

Выбірайце бок. Выбар вельмі просты: Беларусь ці Лукашэнка.

Жыве Беларусь!


Comments


bottom of page