top of page

Беларускую меншасць і беларускую дыяспару ў Польшчы аб’ядноўвае галоўнае — беларускасць


Muzeum Białoruskie w Hajnówce — film promocyjny

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка наведаў Музей і Асяродак Беларускай Культуры ў Гайнаўцы, які быў створаны больш за 40 гадоў таму. Яшчэ на пачатку стварэння Музея і Асяродка Беларускай Культуры дапамогу ў яго пабудове ажыццяўляў урад БССР, а пазней у пачатку 90-х ХХ ст. — урад незалежнай Беларусі.

Павел Латушка, працуючы Паслом Беларусі ў Польшчы і Міністрам культуры, на працягу многіх гадоў аказваў як арганізацыйную, так і матэр’яльную падтрымку дзейнасці Музея ў Гайнаўцы. Падчас наведвання і сустрэчы Паўла Латушкі з дырэктарам музея Томашам Ціханюком былі абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва з Музеем Вольнай Беларусі ў Варшаве, які з’яўляецца культурніцкім праектам Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Узаемадзеянне з Музеем і Асяродкам беларускай культуры ў Гайнаўцы можа ажыццяўляцца ў тым ліку і праз арганізацыю сумесных культурных і творчых праектаў, выстаў твораў мастацтва, канцэртаў, тэатральных пастановак, кінапаказаў і г.д.

Павел Латушка адзначыў, што для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі важна спрыянне шырокаму ўзаемадзеянню беларускай меншасці, якая пражывае ў Польшчы, і беларускай дыяспары — беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Беларусі і сёння легалізуюць сваё знаходжанне ў Польшчы.

Павел Латушка дамовіўся з дырэктарам музея Томашам Ціханюком, што ў бліжэйшы час будзе прапрацавана магчымасць арганізацыі выставы выяўленчага мастацтва са збораў Музея і Асяродка Беларускай Культуры ў Гайнаўцы ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. У зборах Гайнаўскага музея знаходзяцца творы больш за 40 беларускіх мастакоў, якія нарадзіліся ў Польшчы, а таксама прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Томаш Ціханюк распавёў гісторыю пра тое, як музей нядаўна наведала беларуская сям’я, якая 4 гады таму была вымушана пакінуць Беларусь. Пасля наведвання музея яны пакінулі водгук, у якім адзначылі, што атмасфера музея нагадала ім пачуццё знаходжання ў Беларусі, на Радзіме.

Вельмі важна, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары знаёміліся з культурнай спадчынай, якую рупліва захоўвае і развівае беларуская меншасць у Польшчы, наведвалі такія асяродкі, як музей у Гайнаўцы.

Дырэктар Музея прыгадаў, што Павел Латушка, калі быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы, ініцыяваў адкрыццё на будынку Музея і Асяродка Беларускай Культуры ў Гайнаўцы памятнай дошкі, прысвечанай 125-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама стаў ініцыятарам надання вуліцам горада Гайнаўка імёнаў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў 2007 годзе.

 

Comments


bottom of page