«Нічога пра нас без нас: важна, каб беларускія пытанні вырашаліся ў Еўропе з удзелам беларусаў і беларускага грамадства. Стварэнне беларуска-польскай стратэгічнай платформы дэманструе падтрымку гэтага падыходу. Польшча з'яўляецца лідарам у выпрацоўцы палітыкі Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі. Польшча праявіла і працягвае праяўляць салідарнасць з беларускім грамадствам у дасягненні дэмакратычных зменаў у Беларусі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, каментуючы правядзенне першага пасяджэння беларуска-польскай стратэгічнай платформы, якое адбылося 10-11 чэрвеня пад Варшавай.
Беларуска-польская стратэгічная платформа арганізавана па ініцыятыве Паўла Латушкі і дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Яна Маліцкага. Арганізатарамі пасяджэння выступілі Цэнтр Мерашэўскага, Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта пры падтрымцы НАУ.
Ініцыятыва накіравана на стварэнне пастаяннай платформы для ацэнкі сітуацыі і выпрацоўкі канкрэтных крокаў супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі і польскага боку ў мэтах дэмакратычных зменаў у Беларусі. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваныя выклікі і знешнія пагрозы ў сувязі з развіццём сітуацыі ў Беларусі, пытанні ўнутранай сітуацыі ў Беларусі і іх дынамікі, абмеркаваныя магчымыя інструменты, якія ёсць у распараджэнні, для дасягнення дэмакратычных зменаў у Беларусі, а таксама пытанні развіцця беларуска-польскіх узаемаадносін пасля змены ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Як плануецца, беларуска-польская стратэгічная платформа будзе функцыянаваць на пастаяннай аснове.
Comments