top of page

Больш за 200 тысяч беларусаў знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы


Сустрэча Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы (UDSC) Томашам Цытрыновічам
Сустрэча Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы (UDSC) Томашам Цытрыновічам. Фота: НАУ-медыя

Павел Латушка абмеркаваў новую міграцыйную стратэгію Польшчы з кіраўніком UDSC

Новая міграцыйная палітыка Польшчы і магчымасці для беларускіх грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій на радзіме — асноўныя тэмы сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы (UDSC) Томашам Цытрыновічам, якая адбылася сёння ў Варшаве. 

Падчас сустрэчы Павел Латушка падкрэсліў неабходнасць захавання магчымасці для беларусаў атрымліваць міжнародную абарону ў Польшчы і звярнуў увагу на праблемныя пытанні, якія патрабуюць урэгулявання ў святле новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы. Удзел у сустрэчы таксама прымала кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka», адвакат Ганна Маціеўская.

Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку пра тое, што 137 тысяч беларусаў ужо валодаюць правам пражывання на тэрыторыі Польшчы. Усяго з улікам спраў, якія разглядаюцца, можна казаць пра 200 тысяч беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

Кіраўнік Упраўлення адзначыў, што абсалютную большасць беларусаў, якія легалізаваліся або плануюць легалізавацца ў Польшчы, новая стратэгія не закране. Яна разлічаная, у першую чаргу, на стварэнне надзейнай заслоны нелегальнай міграцыі. Па словах кіраўніка Упраўлення па справах іншаземцаў, варта прытрымлівацца дзеючых нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць рэальным абставінам знаходжання на тэрыторыі Польшчы.

Томаш Цытрыновіч падкрэсліў: «Тыя, хто маюць легальную працу, сям'ю ў Польшчы альбо адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя змены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы. Змены накіраваныя перадусім на супрацьдзеянне нелегальнай і некантраляванай міграцыі».

У якасці прыкладаў змен у міграцыйнай палітыцы Томаш Цытрыновіч адзначыў, што будзе павялічана ўвага мэтаваму выкарыстанню віз. Напрыклад, нельга будзе атрымаць працу тым, хто прыехаў у Польшчу на падставе турыстычнай візы. Мэта прыезду, дзеля якой атрымлівалася віза, павінна выконвацца, а яе змяненне пры знаходжанні на тэрыторыі Польшчы хутчэй будзе магчымым толькі ў выключных сямейных абставінах.

Змены міграцыйнай палітыкі ў першую чаргу будуць тычыцца тых, хто атакуе мяжу, выкарыстоўваючы падтрымку памежнай службы Беларусі, а не тых, хто легальна знаходзіцца ў Польшчы. Змены будуць мець дачыненне да сітуацыі, звязанай з супрацьдзеяннем гібрыднай вайне Беларусі і Расіі супраць Польшчы.

Плануецца, што на падставе новай міграцыйнай стратэгіі будзе прыняты імплементацыйны дакумент, які будзе прадугледжваць хранаграму змянення дзеючага заканадаўства Польшчы.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай запрасіць прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, грамадзянскай супольнасці да ўдзелу ў «круглым стале» па абмеркаванні пытанняў па змяненням у заканадаўстве, звязанымі з міграцыйнай палітыкай Польшчы. Было адзначана, што, калі рашэнне аб правядзенні «круглага стала» будзе прынятае, запыт беларускіх дэмсілаў на ўдзел у ім будзе разгледжаны. АПК плануе накіраваць адпаведны зварот міністру па справах грамадзянскай супольнасці Польшчы Адрыяне Пароўскай.

Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ініцыяваны працэс аб падаўжэнні выдачы падарожных дакументаў (travel document) для грамадзян Беларусі з 1 студзеня 2025 года, а таксама разглядаецца магчымасць іх выдачы на двухгадовы тэрмін. Прадугледжваецца, што пры падрыхтоўцы дадзеных дакументаў будзе выкарыстоўвацца біяметрыя. Томаш Цытрыновіч адзначыў, што таксама плануецца падоўжыць тэрмін дзеяння Часовага пасведчання асобы замежніка, якое зараз выдаецца тэрмінам да 6 месяцаў, з улікам больш працяглага разгляду спраў па легалізацыі.

Па словах кіраўніка Упраўлення, сёлета беларусам ужо выдадзена каля 1 500 падарожных дакументаў, летась — 450. Рост колькасці выдадзеных дакументаў звязаны ў тым ліку са сканчэннем тэрмінаў дзеяння пашпартоў, якія цяпер немагчыма замяніць праз консульскія ўстановы Беларусі.

Павел Латушка звярнуў увагу, што ў сувязі з ростам рэпрэсій у Беларусі ў апошнія месяцы, у тым ліку напярэдадні так званай выбарчай кампаніі, будзе павялічвацца колькасць грамадзян Беларусі, дэпартаваных з тэрыторыі Беларусі, якія будуць звяртацца з просьбай аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы.

Асобна разгледжана пытанне па сітуацыі з дакументамі для беларусаў у Вроцлаве. Кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы адзначыў, што дасягнутыя пэўныя станоўчыя зрухі па выдачы падарожных дакументаў, але пакуль праблемная сітуацыя яшчэ захоўваецца. Для таго, каб у цэлым па краіне спрасціць падачу дакументаў на легалізацыю, з наступнага года плануецца ўвесці электронную сістэму падачы дакументаў на жыхарства.

Падчас сустрэчы Паўла Латушкі з Томашам Цытрыновічам таксама былі абмеркаваныя наступныя тэмы:

Працяг магчымасці атрымання міжнароднай абароны. Улічваючы павелічэнне колькасці заяў на міжнародную абарону, Павел Латушка выказаў надзею, што Польшча будзе падтрымліваць мігрантаў з Беларусі, якія пакідаюць краіну з-за рэпрэсій. Павел Латушка нагадаў, што для многіх грамадзян Беларусі гэты крок з'яўляецца адзінай магчымасцю пазбегнуць пераследу і палітыкі гвалту, якую ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі.

Праблемы з прадастаўленнем дакументаў і доказаў. З-за дзеянняў рэжыму ў Беларусі многія вымушаныя мігранты не могуць прадставіць афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць іх пераслед. Пры гэтым беларуская дыяспара і актывісты ў Польшчы і іншых краінах ЕС могуць аказаць дапамогу ў верыфікацыі выпадкаў пераследу і падрыхтоўцы дакументаў. Томаш Цытрыновіч выказаў гатоўнасць улічваць дадзеныя акалічнасці пры разглядзе заяў аб атрыманні міжнароднай абароны.

Доступ да працэдуры прытулку на мяжы, у тым ліку цяжкасці ў падачы заявак на прытулку на польска-ўкраінскай мяжы.

Умовы знаходжання ў цэнтрах затрымання.

Пытанне прымянення Дублінскай сістэмы. 

Павел Латушка падкрэсліў, што для грамадзян Беларусі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў легалізацыі ў іншых краінах, важна забяспечыць магчымасць падачы заявы на абарону ў Польшчы, дзе яны знаходзяць больш бяспечныя і падтрымліваючыя ўмовы. У сваю чаргу Томаш Цытрыновіч адзначыў, што тут можа прымяняцца індывідуальны падыход пры вырашэнні дадзеных пытанняў, які перадусім можа грунтавацца на пацвярджэнні сямейных і актыўных грамадскіх сувязяў у Польшчы.

У працяг дадзенай сустрэчы запланаваныя перамовы намесніка кіраўніцы Аб'яднананага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

 

Comments


bottom of page