Успамінаем прыклады з гісторыі
Мы ўжо распавядалі, што адмова беларусаў ад удзелу ў палітычным жыцці краіны — гэта залог спакойнага жыцця рэжыму. Але ёсць выпадкі, калі байкот выбараў прыводзіў да пазітыўных зрухаў?
У 2010 годзе Брукінгскі інстытут апублікаваў даследаванне, у якім прааналізаваў 171 прыкладаў ужывання байкоту. У 96% выпадкаў гэта не толькі не дапамагло вырашыць крызіс унутры краіны, але і ўмацавала пазіцыі дзеючай ўлады.
Прыводзім некалькі прыкладаў з гісторыі, калі апаненты сістэмы заклікалі да байкоту, і ўспамінаем, да чаго гэта прывяло (спойлер: нічога добрага). Мы спецыяльна адабралі краіны з падобнай палітычнай сітуацыяй: аўтарытарнымі або гібрыднымі рэжымамі, дзе рэжым абвінавачвалі ў фальсіфікацыях на выбарах.
Венесуэла, 2020 год
У снежні 2020 года асноўныя лідары апазіцыі, у тым ліку і Хуан Гуайда, заклікалі байкатаваць парламенцкія выбары. Зрэшты, гэтае рашэнне толькі ўзрадавала прэзідэнта Мадура. Афіцыйная яўка склала ўсяго 31%, на ўчасткі прыйшлі ў асноўным прыхільнікі ўлады і ім нават не прыйшлося фальсіфікаваць вынікі: большасць галасоў атрымаў прапрэзідэнцкі альянс, а апазіцыя страціла кантроль над парламентам.
Азербайджан, 2008 год
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2008 года ў Азербайджане галоўны апазіцыйны блок прыняў рашэнне байкатаваць кампанію — улады выдыхнулі і супакоіліся. Канкурэнцыю Ільхаму Аліеву склалі тэхнічныя кандыдаты, а мясцовы ЦВК даў справаздачу аб «упэўненай перамозе» — паводле афіцыйных звестак Ільхам Аліеў набраў 88,73%. Дзякуючы таму, што апазыцыя ня ўдзельнічала ў выбарах, яны прайшлі адносна спакойна. Гэта дазволіла паказаць прыгожую карцінку для міжнародных назіральнікаў і замежных партнёраў, і стварыць ілюзію маштабнай народнай падтрымкі.
Албанія, 2019 год
У 2019 годзе апазіцыйныя сілы Албаніі абвінавацілі кіруючую партыю ў эканамічных праблемах і фальсіфікацыях, якія рыхтуюцца, і заявілі, што будуць байкатаваць муніцыпальныя выбары. Нічога дзіўнага, што ў выніку па ўсёй краіне перамогу атрымалі прадстаўнікі кіруючай Сацыялістычнай партыі. Ім нават не прыйшлося падтасоўваць вынікі: бо апазіцыя не выставіла сваіх кандыдатаў і выбары атрымаліся, па сутнасці, безальтэрнатыўнымі.
Ямайка, 1983 год
Парламенцкія выбары на Ямайцы ў 1983 годзе — адзін з самых яркіх прыкладаў няўдалага байкоту. Асноўная апазіцыйная партыя заклікала сваіх прыхільнікаў адмовіцца ад удзелу ў галасаванні. Заклік падзейнічаў і яўка склала ўсяго 2,7%. Нягледзячы на пустыя ўчасткі, выбары ўсё роўна адбыліся. Прадстаўнікі кіруючай Лейбарысцкай партыі ў выніку занялі ўсе вакантныя месцы ў парламенце і ўтрымлівалі ўладу яшчэ 6 гадоў.
Тога, 2002 год
У Тога апазіцыйная партыя «Саюз сіл за перамены» была не згодная з выбарчым заканадаўствам і заклікала ігнараваць выбары 2002 года. Гэта не перашкодзіла праўладнай партыі атрымаць 90% месцаў у парламенце, бо на ўчасткі прыйшлі толькі яе прыхільнікі. Апатыя палітычных апанентаў дазволіла рэжыму скарыстацца большасцю і адмяніць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, а прэзідэнт Гнассинг-бе Эйадэма змог працягнуць папраўкі ў закон, каб палегчыць перадачу ўлады свайму сыну.
І калі вам здаецца, што дзіўна параўноўваць Тога і Беларусь, то вось крыху статыстыкі. У рэйтынгу па ўзроўні развіцця дэмакратыі за 2020 год гэта дзяржава Заходняй Афрыкі абагнала нашу краіну на 7 пунктаў. Тогалезская Рэспубліка займае 141 месца, а Беларусь — 148.
Kommentarer