top of page

Ахвяры ўкраінцаў і беларусаў — ці ацэніць Еўропа?



У 1991 годзе пасля распаду Савецкага саюза з'явіўся шэраг нацыянальных дзяржаваў, якія атрымалі незалежнасць. Але Украіна і Беларусь засталіся ў разуменні заходняга палітыкум у сферы інтарэсаў Расіі. Па сканчэнні дзесяцігоддзяў мы разумеем, што такая ацэнка сітуацыі была ілжывай.


Сфера інтарэсаў перастала задавальняць імперскія амбіцыі хімеры Савецкай імперыі. А калі беларуская нацыя вырашыла зрабіць свой выбар самастойна — пачаўся працэс акупацыі Беларусі. Менавіта гэтая акупацыя дазволіла нанесці ўдар па Украіне з поўначы. Менавіта таму стала магчыма Буча і штурм Кіева. Таму што некалі нехта палічыў, што Беларусь — гэта нечая сфера інтарэсаў.


Толькі абуджэнне беларускага грамадства ў 2020 годзе крыху зрушыла сітуацыю з месца і замест супрацоўніцтва з рэжымам і заплюшчвання вачэй на дыктатуру мы пачулі з боку Захаду глыбокую заклапочанасць гвалтам і рэпрэсіямі.


Сённяшнія падзеі — гэта вынік таго, што некаторым нацыям чамусьці не дазваляюць скарыстацца іх правам на самавызначэнне паўнавартасна. Калі ў Еўропе сёння зразумеюць, што каштоўнасці заходняй цывілізацыі павінны стаяць вышэй за інтарэсы розных груп, то мара беларусаў выбрацца з акупацыі і пабудаваць сваю нацыянальную дэмакратычную дзяржаву стане рэальнасцю.


Свабодная, незалежная, еўрапейская і дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя таго, што Расія больш не зможа ажыццявіць агрэсію. Украіна можа прыкрыць, а Беларусь можа канчаткова зачыніць вароты для імперскіх амбіцый Расіі, але для гэтага яна павінна быць вызвалена ад дыктатара і акупацыйных войскаў.


Беларусы і ўкраінцы зрабілі выбар у бок еўрапейскай цывілізацыі — зараз засталося зразумець, ці ацэніць Еўропа тыя ахвяры, на якія дзеля гэтага пайшлі ўкраінцы і беларусы.

Comments


bottom of page