top of page

Арцём Брухан: Раней ці пазней палітыка прыйдзе ў тваё жыццё


Арцём Брухан
Арцём Брухан

Крыніца: racyja.com

«Аб спрашчэнні візавага рэжыму і паляпшэнні памежнага руху ў дачыненні да беларусаў». Над такім дакументам зараз працуюць у Каардынацыйнай радзе трэцяга складу. Гэта рэакцыя на праблемы, якія цяпер узнікаюць на беларуска-польскай мяжы. Ды нават больш. У палітыцы паміж Польшчай ды сучаснай Беларуссю, дзе сёння кіруе Аляксандр Лукашэнка. Аспекты абмяркавалі з нашым госцем. Гэта Арцём Брухан, сябра КР і намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

РР: Польскія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра тое, што сапраўды сітуацыя на мяжы крытычная. Польскі ўрад зноў увёў буферную зону. Напэўна, на мяжы сапраўды крытычная сітуацыя. Як нам на гэта рэагаваць?

Арцём Брухан: Нам патрэбна зразумець, гэта выклікана дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі. Гэта галоўная базавая рэч, якую трэба не забываць. Таму што, калі мы зараз абмяркоўваем гэтае пытанне, то ўздымаецца і іншае пытанне: а чаго палякі так жорстка рэагуюць? Чаму яны прымаюць такія рашэнні? Але ўсё ж такі давайце ўзгадаем, што ў першую чаргу гэты іміграцыйны крызіс ужо працягваецца дастаткова доўгі час, і ўся гэтая рэзкая рэакцыя з польскага боку, яна выклікана трагічным здарэннем – вайскоўца забілі на мяжы. І дастаткова моцная палітычная заява Анджэя Дуды, якая прагучала ў Кітаі, што гэта першы польскі жаўнер, які загінуў пры абароне мяжы з часоў Другой сусветнай вайны. Таму вось гэтая эскалацыя і адбываецца.

РР: Але, напэўна, і Пуціна варта згадаць, бо польскія СМІ паведамляюць, што большасць гэтых людзей, якія штурмуюць мяжу, маюць расейскія візы. Таму Пуціна я б тут не выключаў.

Арцём Брухан: Я з вамі пагаджуся цалкам. Але мы, як беларусы, у першую чаргу звяртаем увагу на рэжым Лукашэнкі, таму што гэта адбываецца на мяжы нашай краіны. Таму я так акцэнтаваў увагу на ім. Зразумела, што курыруецца гэтая гібрыдная агрэсія з Крамля. Галоўны выгадаатрыўмоўца гэтага, канешне, Пуцін. Таму гэтыя дзеянні дыктатараў вядуць да гэтага. Калі і будзе перакрыццё мяжы, то перакрыццё мяжы з Беларуссю. Больш за ўсіх пацерпяць беларусы. У гэтым галоўная праблема для нас усіх.

РР: Мы жывём на Беласточчыне і вельмі часта сустракаемся з людзьмі, якія не заангажаваныя ў палітыку, проста працуюць тут і дадому збіраюцца ехаць у Беларусь. І сутыкаюцца з вялікімі праблемамі пры перасячэнні мяжы. Нехта доўга стаіць на мяжы, нехта едзе праз Літву. Калі казаць пра Беласток, то да Гародні ўсяго 80 кіламетраў. І якія аргументы могуць быць з такімі людзьмі?

Арцём Брухан: У любым выпадку галоўны аргумент такі: калі ты не заангажаваны ў палітыку, то палітыка потым заангажуецца ў цябе. Калі проста працуеш, штосьці робіш і кажаш, што палітыка гэта штосьці дзесьці адбываецца, то вынікам таго, што ты не заангажаваны ў палітыку, з’яўляецца тое, што адбываецца ў тваёй краіне. Ты не можаш хутка прайсці мяжу. То бок галоўнае – у гэтым сэнс, што чалавеку патлумачыць, што раней ці пазней палітыка прыйдзе ў тваё жыццё. І калі б чалавек разумеў, што адбываецца, калі б выказваўся з гэтай нагоды, калі б меў свае погляды, то тады, магчыма, яму было б больш зразумела, што адбываецца, і ён бы не казаў, што незаангажаваны ў палітыку, не казаў бы: вой палякі перакрылі мяжу, якія яны дрэнныя, не дазвалюць мне спакойна праехаць праз мяжу. Вось у чым сэнс. Тут базавая рэч адукацыя, у тым ліку і палітычная адукацыя грамадства і людзей. Трэба працаваць з людзьмі, гэтага ніколі не бывае шмат.

 

Comments


bottom of page