Беларус, якога затрымалі ўлады Сербіі на запыт рэжыму Лукашэнкі, пераведзены з цэнтральнай турмы Бялграда пад хатні арышт.
Гэта першы важны крок у вырашэнні лёсу Андрэя, які больш за 7 месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, без доступу да належнай медыцынскай дапамогі пры рэзка пагоршаным стане здароўя.
Аднак цяпер важны другі самы галоўны крок — не дапусціць яго экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя пераследуюць па палітычных матывах.
Справа Андрэя Гнёта аб'яднала сотні неабыякавых людзей. Велізарную працу па звароце НАУ прарабіў МЗС Польшчы. Апошні раз пытанне садзейнічання ў вызваленні Андрэя Гнёта абмяркоўвалася 21 траўня падчас сустрэчы Паўла Латушкі з дырэктарам консульскага дэпартамента МЗС Польшчы Юстынай Хжаноўскай. Раней, па звароце НАУ, Еўрапейская служба знешніх дзеянняў ініцыявала стварэнне рабочай групы з прадстаўнікоў МЗС і пасольстваў еўрапейскіх краін, якія актыўна займаліся недапушчэннем экстрадыцыі Андрэя. Міжнародная арганізацыя РУХ, НАУ і Свабоднае Аб'яднанне Спартсменаў SOS.BY арганізоўвалі акцыі ў падтрымку Андрэя ў Варшаве, Бялградзе, Лондане і Берліне; BELPOL дапамагаў са зборам інфармацыі і падрыхтоўкай дакументаў; беларусы пісалі лісты надзеі; за вызваленне Андрэя выступалі офіс СТ і еўрапейскія палітыкі. Наша згуртаванасць ужо дала першы прамежкавы вынік, але перад намі галоўная мэта — поўнае вызваленне Андрэя Гнёта.
«Мы працягваем змагацца за лёс Андрэя Гнёта, і мы будзем змагацца за лёсы ўсіх беларусаў, якія пакутуюць ад рэжыму Лукашэнкі! Столькі, колькі ў нас хопіць сіл і столькі, колькі для гэтага спатрэбіцца часу», — адзначыў Павел Латушка, каментуючы перавод Андрэя пад хатні арышт.
Comments