top of page

Анджэй Пачобут – герой беларускага і польскага народаў


Прамова Паўла Латушкі на цырымоніі ўручэння медаля «75-годдзе місіі Яна Карскага» Анджэю Пачобуту

Шаноўны спадар Станіслаў Пачобут! Шаноўны спадар Маршалак! Шаноўнае спадарства!

Для мяне вялікі гонар мець магчымасць выступіць сёння перад вамі менавіта тут у горадзе Любліне. Менавіта тут быў закладзены гістарычны падмурак і аформілася цывілізацыйная блізкасць нашых народаў. Беларускага і польскага. Люблінская унія для Вялікага Княства Літоўскага стала магчымасцю ў тым ліку выстаяць перад пагрозай з усходу, Маскоўскім княствам. І сотні гадоў гэтая пагроза з усходу імкнулася знішчыць беларускі народ і нашу дзяржаўнасць.

Менавіта пры падтрымцы Расіі ў 2020 годзе дыктатар Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе і ўжо больш за тры гады рэпрэсуе грамадзян Беларусі. Сёння ў Беларусі толькі афіцыйна 1519 чалавек з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, кожны дзень адбываюцца затрыманні ў розных гарадах Беларусі. Усё гэта суправаджаецца гвалтам і катаваннямі. З мая 2020 года па май 2023 года зафіксавана 136 000 ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці – забойстваў, катаванняў, згвалтаванняў.

Адным з тых, каго спрабуе зламаць рэжым Лукашэнкі, з'яўляецца Анджэй Пачобут. Для беларускага народа ён – герой. Для польскага народа ён – герой. Ён наш агульны герой! Гэта той чалавек, які сімвалічна аб'ядноўвае нас сёння ў барацьбе супраць дыктатуры і тыраніі. Ён прыклад стойкасці і прынцыповасці. Ёнахвяруючы сваёй свабодай, здароўем і рызыкуючы жыццёмпрацягвае змагацца за ідэалы нават за кратамі. Такая ахвярнасць гэта ўчынак вельмі моцнага і мужнага чалавека.

Схіляюся перад грамадзянскім подзвігам Анджэя Пачобута.

І я перакананы, што нам удасца вызваліць усіх палітвязняў і ў тым ліку героя нашых двух народаў – Анджэя Пачобута, які з'яўляецца таксама прыкладам для заходніх палітыкаў у сваёй прынцыповасці і вернасці ідэалам правоў чалавека і дэмакратыі. Але для таго каб вызваліць Анджэя Пачобута і ўсіх палітвязняў нам патрабуецца падтрымка міжнароднай супольнасці.

Сёння для сотняў тысяч беларусаў другім домам стала Польшча. Беларусы ўдзячныя Польшчы і палякам за магчымасць жыць і працаваць у Польшчы. І мы не забудзем пра гэта.

Як і не забываем пра гераічную перамогу войскаў Канстанціна Астрожскага над маскавітамі пад Оршай у 1514 годзе. І вельмі сімвалічна, што пад Люблінам размяшчаецца літоўска-польска-ўкраінская брыгада імя гетмана Канстанціна Астрожскага.

Сёння Украіна на пярэдняй лініі цывілізацыйнага супрацьстаяння коштам жыццяў сваіх грамадзян змагаецца з агрэсарам. Вельмі важна, што сярод тых, хто змагаецца за Украіну ёсць і беларускія добраахвотнікі. Падтрымліваючы іх і дапамагаючы ім мы дапамагаем Украіне.

Сёння краіны Люблінскага трыкутніка – гэта Украіна, Польшча і Літва. Аднак, выступаючы сёння ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, упэўнены ў тым, што гістарычная перспектыва для беларусаў гэта Еўропа, але ў першую чаргу гэта стратэгічнае партнёрства з самымі блізкімі суседзямі – Польшчай, Украінай і Літвой.

І горад Люблін зноў прагучыць як тое месца, дзе з'явіўся новыінтэграцыйны праект – Люблінскі квадрат, дзе 4-м бокам стане Беларусь!

Упэўнены, што мы разам зможам дапамагчы Украіне перамагчы, вызваліць Беларусь, вызваліць Анджэя Пачобута і тысячы палітычных зняволеных. Дзякуй за магчымасць выступіць у Любліне.

Comments


bottom of page