top of page

Акно магчымасцей у стратэгіі па Беларусі


Кіраўнік НАУ Павел Латушка прыняў удзел у XXI Мінскім форуме, які сёння праходзіць у Берліне. Павел Латушка выступіў на мерапрыемстве з дакладам:

Я думаю, што абсалютна ўсе, хто сабраўся тут, у Берліне, маюць вялікае жаданне, каб Мінскі форум, адпаведна яго назве, мог быць праведзены ў Мінску. Сёння наша мэта — абмеркаваць магчымасці, як вярнуць Мінскі форум у Мінск. Дзеля гэтага патрэбна воля ў беларусаў, але і патрэбна воля і ў нашых партнёраў.

У беларусаў шмат партнёраў, ёсць і саюзнікі, але, на жаль, не так шмат актыўных саюзнікаў, якія гатовы сумесна распрацаваць і рэалізоўваць стратэгію па Беларусі.

Адзіная краіна, якая мае стратэгію і метадычна рэалізуе яе — гэта Расійская Федэрацыя. Мэта гэтай стратэгіі — знішчыць Беларусь і ліквідаваць беларускі этнас. Двума з галоўных інструментаў яе рэалізацыі з’яўляюцца: марыянетка Крамля Лукашэнка і яго рэжым, а таксама т.з. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі.

Лукашэнка знішчае беларускія нацыянальна арыентаваныя сілы, грамадзянскую супольнасць, дэмакратычную частку грамадства, а на адкрытае поле, падрыхтаванае рэжымам, уваходзяць расійскія сілы.

Ці варта паўтарацца? Так, варта. Бо не ўсе з прысутных кожнага дня жывуць у гэтай інфармацыйнай прасторы, у якой жывем мы, беларусы. У Беларусі за апошнія тры гады праз затрыманні прайшлі больш за 60 тыс. грамадзян, каля 20 былі забіты альбо памерлі ў турмах. Сёння ў беларускіх турмах тысячы палітзняволеных, ліквідавана больш за 1400 пазаўрадавых арганізацый, усе апазіцыйныя палітычныя партыі і незалежныя СМІ.

У рамках стратэгіі Расіі марыянетка Лукашэнка знішчае беларускую мову, культуру, забараняе як аўтараў, так і творы, нават класікаў беларускай літаратуры. Праз манументальнае мастацтва адбываецца гераізацыя расійскіх гістарычных постацяў. Перапісвацца гісторыя краіны, якая адыходзіць ад гістарычных сувязяў беларускага народа з еўрапейскай прасторай да абсалютнай падпарадкаванасці расійскай імперыі. Адбываюцца сістэмныя дзеянні па вынішчэнні беларускай еўрапейскай прысутнасці ў краіне.

Спыняюся. Мы аб гэтым папярэджвалі нашых партнёраў і ў 2020 годзе, і ў 2021 годзе, і як дыпламат ведаю, што ў вашых архівах ёсць гэтыя запісы. Але што ж, адказнасць усё роўна на нас.

Хацеў бы вітаць прыняцце Бундэстагам Германіі 7 лістапада 2023 года рэзалюцыю Бундэстага «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і». Гэта выключна важны дакумент. І гэта фактычна дакумент-стратэгія Германіі ў адносінах да Беларусі. Гэта першы прыклад сярод еўрапейскіх парламентаў. Я бы марыў, каб нашыя асноўныя партнёры прынялі падобныя дакументы.

Хацеў бы падзякаваць дэпутатам кіруючай кааліцыі і асабліва прысутнаму тут кіраўніку групы Бундэстага па Беларусі спадару Робіну Вагенеру, а таксама МЗС Германіі.

Што сумеснага мы можам зрабіць на падставе гэтай рэзалюцыі?

Стварыць сумесную рабочую групу, якая б акрэсліла канкрэтныя крокі. Прабачце за мой бюракратычны падыход. Інакш гэты дакумент застанецца толькі добрымі інтэнцыямі.

Якія інструменты мы можам выкарыстаць у рамках такой стратэгіі?

1. Інструмент міжнароднай крымінальнай адказнасці.

Неабходна выдаць Аляксандру Лукашэнку ордэр за здзяйсненне ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый, як гэта ўжо было зроблена супраць Уладзіміра Пуціна.

З гэтай мэтай Народнае антыкрызіснае ўпраўленне падрыхтавала і перадало пракурору МКС у Гаазе 2 часткі Камунікацыі «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь» у адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута.

Акрамя таго ў сярэдзіне лістапада 2023 года была апублікавана справаздача Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта грамадскай аховы здароўя пад назвай «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны».

Дадзеная справаздача вядомай і аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвердзіла ўсе факты, перададзеныя намі раней у МКС.

Таксама важна на падставе даклада Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, які быў падрыхтаваны пры падтрымцы НАУ, у якім утрымліваюцца звесткі аб здзяйсненні масавых злачынстваў супраць чалавечнасці рэжымам Лукашэнкі, ініцыяваць разгляд дадзенай справы у МКС.

З траўня 2020 года больш за 136 тысяч (!) беларусаў і беларусак сталі ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці, а менавіта такіх як: незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту — у тым ліку, у дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, пераследы і дэпартацыі.

Справаздача Justice Hub змяшчае глыбокі прававы аналіз злачынстваў і галоўнае — падрабязны алгарытм дзеянняў па задзейнічанні адпаведных механізмаў міжнароднага крымінальнага правасуддзя: юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, стварэнні спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала па Беларусі і прымяненні ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Асабістае прыцягненне Лукашэнкі да міжнароднай крымінальнай адказнасці, выдача ордэра на ягоны арышт знішчыць Лукашэнку палітычна і стане сігналам для ўсяго яго атачэння аб тым, што ад яго можна і трэба пазбавіцца. Гэта важнейшы інструмент для рэалізацыі стратэгіі па расколе эліт.

Лукашэнка пры ўладзе 30 гадоў. За 30 гадоў адбыліся гвалтоўныя знікненні палітычных апанентаў рэжыму, забойствы, гвалт, захоп грамадзянскага самалёта, міграцыйная вайна, дзейсная падтрымка рэжымам агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнка не панёс адказнасці. Калі адказнасць не наступіць — можна забыцца пра матывацыю беларусаў змагацца за дэмакратыю. Дэмакратыя пераможа ў Беларусі толькі тады, калі наступіць адказнасць.

2. Выбары ў Беларусі.

Таксама важным з’яўляецца непрызнанне так званых парламенцкіх выбараў Лукашэнкі, запланаваных ім на люты 2024 года. Непрызнанне ўжо зараз, не чакаючы іх правядзення.

Гэты крок дасць сігнал унутр сістэмы: «перагарнуць старонку» ў міжнародных адносінах немагчыма да таго часу, пакуль сістэма не пазбавіцца ад дыктатара і не пойдзе на дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

3. Санкцыі.

Што неабходна зрабіць на гэтым стратэгічным накірунку?

Па-першае, гарманізаваць эканамічныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі за ваенную агрэсію супраць Украіны і такім чынам ліквідаваць існуючыя шчыліны ў санкцыях. Пры гэтым абавязкова захаваўшы калійныя санкцыі.

Разам з тым трэба ліквідаваць выключэнні з дзеючых сектаральных санкцый.

Лепшым жа вырашэннем было б цалкам закрыць магчымасць перамяшчэння тавараў праз мяжу з Беларуссю. Безумоўна, з выключэннем для тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў.

Па-другое, трэба ўвесці санкцыі на выкарыстанне даляраў у разліках з Беларуссю, на ўвоз банкнотаў у Беларусь. Як Еўрасаюз ужо зрабіў гэта з еўра.

Па-трэцяе, неабходна знайсці і арыштаваць замежныя актывы сям'і і «гаманцоў» Лукашэнкі. Але гэтае пытанне ўжо да амерыканскага боку.

Зноў жа – кошт утрымання Лукашэнкі ва ўладзе павінен стаць максімальна крытычным для сістэмы.

3. Інструменты барацьбы за захаванне незалежнасці Беларусі і беларускай ідэнтычнасці.

Неабходна на ўсіх узроўнях афіцыйна асудзіць і заняць жорсткую пазіцыю супрацьдзеяння спробам Расіі паглынуць незалежнасць Беларусі праз рэалізацыю праекту пад назвай «Саюзная дзяржава». Неабходна выразна вызначыць гэты праект як праект рэалізацыі гібрыднай анэксіі Беларусі і стварэння прамой пагрозы беларускай незалежнасці і сувернітэту.

Неабходна выразна заявіць аб непрызнанні любых спробаў Расіі паглынуць Беларусь праз падпісанне пагадненняў з нелегітымнымі ўладамі, а таксама аб непрызнанні любых такіх пагадненняў, падпісаных самаабвешчаным і нелегітымным «прэзідэнтам» Аляксандрам Лукашэнкам.

Разам з тым для захавання беларускай інтэлектуальнай эліты неабходна рэалізаваць праект Нацыянальнага беларускага ўніверсітэта за мяжой.

А таксама павялічыць колькасць і фінансаванне грантавых праграм, накіраваных непасрэдна на захаванне, падтрымку і развіццё беларускай нацыянальнай культуры, адукацыі і самасвядомасці.

4. І безумоўна адначасова з усімі пералічанымі дзеяннямі неабходна актыўна выкарыстоўваць і развіваць інструмент контрпрапаганды, незалежныя беларускія медыя, забяспечыць новыя тэхналагічныя рашэнні для доступу беларусаў да праўдзівай інфармацыі ўнутры Беларусі, павялічыць рэкламныя бюджэты для прасоўвання кантэнту незалежных СМІ і іншых арганізацый, якія вядуць актыўную інфармацыйную працу і супрацьдзеянне прапагандзе.

5. Палітзняволеныя. Учора і пазаўчора ў КР адбылася вялікая дыскусія па гэтым абсалютна прыярытэтным пытанні. Прапаную адзін абсалютна канкрэтны захад — допуск праўладнай дэлегацыі беларускіх спартсменаў да Алімпіяды ў Парыжы абумовіць вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі. Адначасова прадугледзіць магчымасць у гульнях свабодных беларускіх спартсменаў, якія выступілі супраць рэжыму. Каб рэалізаваць гэты падыход — патрэбна толькі воля.

Безумоўна, адзінай магчымай стратэгіяй, якая гарантавана спрацуе, не існуе. Але без стратэгіі не будзе чаму працаваць увогуле.

Давайце ж паставім сабе канкрэтную мэту, абярэм адпаведную супольную стратэгію і распачнем неабходныя, практычныя крокі і дзеянні. Выкарыстаем усе гэтыя інструменты. І паспрабуем прывесці Беларусь да нацыянальнай згоды, каб вобраз незалежнай і свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі не застаўся толькі вобразам і прадметам тэарэтычных абмеркаванняў.

Дзякуй за вашу ўвагу. Жыве Беларусь!


Comentarios


bottom of page