Польшча ідзе насустрач
24 студзеня Павел Латушка ў складзе дэлегацыі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай прыняў удзел у сустрэчы з Міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам.
Падчас сустрэчы кіраўнік НАУ прапанаваў больш прадметна абмеркаваць падрыхтоўку кадраў для нашай краіны на базе польскіх ВНУ. У прыватнасці, гаворка ідзе аб праекце «Кадры для Новай Беларусі» — агульнай ініцыятыве Абʼяднанага Пераходнага Кабінета, НАУ, Офіса Святланы Ціханоўскай і руху «За Свабоду». Яе асноўная задача — падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў, якія зоймуць месца ранейшых чыноўнікаў рэжыму ў першы перыяд пасля завяршэння ўтрымання ўлады Лукашэнкам.
Міністр прывітаў стварэнне праекту і паабяцаў прааналізаваць магчымасці польскай сістэмы адукацыі — падрыхтаваць кадры, якія б адпавядалі патрабаванням складанага пераходнага перыяду ў нашай краіне. Як запэўніў Пшэмыслаў Чарнэк, польскі бок распрацуе ініцыятывы, якія дазволяць будучым беларускім чыноўнікам і адміністратарам атрымаць веды аб функцыянаванні сістэмы дзяржкіравання еўрапейскіх краін і адпаведны досвед.
Акрамя таго, Міністр адукацыі і навукі Польшчы падтрымаў прапанову Паўла Латушкі стварыць сумесна з Абʼяднаным Пераходным Кабінетам рабочую групу па пытаннях навучання беларускіх дзяцей у польскіх школах, а студэнтаў — у ВНУ. Група павінна будзе засяродзіць намаганні на пытаннях працаўладкавання вучоных і выкладчыкаў, прызнання дыпломаў, далейшага развіцця стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага і іншых ініцыятыў у інтарэсах акадэмічнай супольнасці беларусаў Польшчы. З боку Кабінета кіраўніком групы будзе Аліна Коўшык.
Асобным важным жэстам з боку польскага ўрада стала прапанова Міністра абмеркаваць дадатковыя інструменты фінансавання адукацыйных праграм для беларусаў. Як адзначыў Пшэмысл Чарнэк, у Польшчы выдатна разумеюць важнасць якаснай адукацыі для беларускіх грамадзян, якім трэба вярнуцца і будаваць дзяржаву з нуля — у духу палітычнай свабоды, мірнага добрасуседства і еўрапейскай дэмакратыі.
Мы ўдзячны Міністэрству адукацыі і навукі Польшчы за агучаную пазіцыю, адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва на карысць беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі.
Comentarios