top of page

Адсутнасць сістэмнай альтэрнатывы выгадна толькі рэжыму


На канферэнцыі Новая Беларусь мы падпісалі пратакол аб узаемадзеянні, адзін з пунктаў якога чакана выклікаў рэакцыю і дыскусію. Прычым цікава, што аднымі з першых адрэагавалі топ-прапагандысты рэжыму і некаторыя «незалежныя расійскія СМІ», накшталт SOTA.

Гаворка ідзе пра пункт аб прызнанні паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай у якасці нацыянальнай лідаркі да правядзення свабодных і сумленных выбараў у Беларусі ці яе асабістага рашэння скласці з сябе гэтыя паўнамоцтвы. 

Чаканая рэакцыя — «вы пабудавалі дыктатуру». Або манархію. Каму як больш спадабалася.

Што ж, давайце разбярэмся, што мы пабудавалі і навошта. І ці сапраўды ўсё так страшна, як гэта падаюць.

Пачнем з таго, што самі абвінавачванні ў «дыктатуры» або «манархіі» — мякка кажучы, адарваныя ад рэальнасці. Бо ўсё пералічанае прадугледжвае рэальную ўладу. Але рэальнай уладай у дэмсілах ніхто не валодае. І гэта відавочны факт. Над кім/над чым улада? Дзе яе атрыбуты? Іх няма. Таму што гэта не гісторыя пра ўладу ў дэмсілах. Гэта гісторыя барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. А для гэтага патрэбная сістэмная альтэрнатыва. І яе легітымнае лідарства.

Неабходнасць наяўнасці гэтага лідарства (не блытаем з рэальнай уладай, якой, як мы бачым, няма ні ў Святланы Ціханоўскай, ні ў інстытутаў дэмсіл) звязаная таксама з міжнароднай падтрымкай і ўзроўнем рэпрэзентацыі той сістэмы, якую мы пабудавалі для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, што незаконна ўтрымлівае ўладу ўнутры краіны. І лабіравання падтрымкі гэтай барацьбы на міжнароднай арэне. 

Дык вось чым вышэй наш узровень — тым вышэй гэтая падтрымка. Адмаўляемся ад гэтага, адмаўляемся ад суб'ектнасці — і тады рэжым Лукашэнкі становіцца безальтэрнатыўным варыянтам, прызнаваць пачынаюць яго. Пазбавіцца ад альтэрнатывы, ад Ціханоўскай, ад Кабінета і Каардынацыйнай Рады — гэта тое, чаго хоча ён, і чаго не можам дапусціць мы, калі мы хочам яго перамагчы. 

Прымаючы рашэнне аб падпісанні пратакола аб узаемадзеянні, ключавыя інстытуты дэмсіл ўсведамлялі, што гэта будзе выкарыстана супраць нас, мы ўсведамлялі антыпіяр-наступствы. Але таксама мы разумелі, што напярэдадні «выбараў» Лукашэнкі, пытанне «кадэнцыі» Святланы Ціханоўскай будзе ключавым пунктам атакі прапаганды і лабістаў рэжыму для ліквідацыі створанай намі сістэмы інстытутаў. Што, уласна, ужо і адбываецца. Але мы пайшлі на падпісанне пратакола менавіта ў такім выглядзе, таму як захаванне і ўмацаванне альтэрнатывы рэжыму, яе суб'ектнасці для нас важнейшае за атрыманне медыйных ачкоў. 

Рэжым Лукашэнкі павінен зразумець, што мы нікуды не дзенемся, альтэрнатыва яго рэжыму нікуды не дзенецца і не самараспусціцца, пакуль ён існуе. А свабодныя і сумленныя выбары — не сыдуць з парадку дня і нікуды не падзенуцца са спісу нашых патрабаванняў. І старонка не будзе перагорнута, пакуль гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя.

Але гэта не значыць, што мы не гатовыя да перамоваў з ім. Гатовыя. Нашы ўмовы: вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і публічная заява Лукашэнкі аб тым, што ён не ідзе на выбары і сыходзіць з пасады кіраўніка УНС. У гэтым выпадку мы таксама гатовыя спыніць сваю палітычную дзейнасць за мяжой і вярнуцца да яе ўжо ў рамках свабоднага, сумленнага дэмакратычнага працэсу ўнутры краіны, у Беларусі.

Жыве Беларусь!

 

Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол


 

Comments

Couldn’t Load Comments
It looks like there was a technical problem. Try reconnecting or refreshing the page.
bottom of page