Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч на канале Свабода Premium правёў дыскусію з Кацярынай Дэйкала на тэму «Агрэсар — Беларусь ці Лукашэнка?»
Прытрымліванне прынцыпаў, выпрацаваных у міжнародным праве на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, абцяжарвае рэагаванне на бягучыя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаецца свет. Цяпер шмат кажуць пра гібрыдныя войны, гібрыдную прапаганду, можна казаць і пра гібрыдную акупацыю Беларусі. Лукашэнка дзейнічае або па дамоўленасці з Расіяй, або пад прымусам. Крэмль дазволіў яму рэпрэсаваць беларусаў, але пазбавіў паўнамоцтваў у вайсковай сферы — гэта адпавядае канцэпцыі акупацыі.
Гэта неваенная акупацыя. Сёння грамадзянская адміністрацыя ў Беларусі дзейнічае выключна ў інтарэсах краіны-акупанта і на шкоду нацыянальным інтарэсам. Дэмакратычныя сілы прасоўваюць тэзу аб акупаванай краіне, каб беларускі народ не нёс адказнасці за дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Беларусь была акупаваная да таго, як стала памагатым агрэсіі, таму ўсе прэтэнзіі неабходна прад’яўляць Лукашэнку і ягонай адміністрацыі, прызначанай краінай-акупантам.
Статус Беларусі як акупаванай краіны прадухіліць дыскрымінацыю беларусаў, якія жывуць за мяжой, а таксама гарантуе такі ж узровень санкцый супраць беларускага рэжыму, як і супраць расійскага, што ліквідуе шчыліны, праз якія Расія можа іх абысці. Гэта таксама дасць падставы патрабаваць ад Крамля вываду акупацыйных войскаў з тэрыторыі Беларусі, а не весці бессэнсоўны дыялог з Лукашэнкам.
Commenti