«Ці ёсць упэўненасць у тым, што Кабінет годна адкажа на ўступленне Беларусі ў вайну поўнай сілай?»
Дзеянні Кабінета ў адказ на магчымае ўступленне Узброеных Сілаў РБ у вайну супраць Украіны:
«Даць такі адказ — гэта задача не толькі Кабінета. Гэта супольная праца ўсіх грамадзянаў, у т.л. тых, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Праца па каардынацыі гэтай дзейнасці вядзецца, яна ніколі не спынялася. Мы рыхтуемся да гэтага моманту, мы не хацелі б, каб гэта здарылася, але рыхтавацца мы павінны» (С.Ціханоўская)
«Поспех нашага плану па супрацьдзеянні рэжыму і яго войскам — адваротна прапарцыйны колькасці распаўсюджанай інфармацыі аб ім. Прашу зразумець, што ёсць рэчы, пра якія трэба маўчаць, бо іначай будзе цяжка іх рэалізаваць» (В.Сахашчык)
«Мы працуем разам з украінцамі, у нас распрацаваны спецыяльны план на гэты выпадак, але я не магу раскрываць яго дэталі. Мы працуем з актывістамі ў Беларусі, якія запісаліся ў план „Перамога“ і рыхтуем іх да такой сітуацыі. План „Перамога“ першапачткова распрацоўваўся пад іншыя ўмовы. Зараз мы яго перапрацоўваем. Ён прызначаўся не пад канкрэтную дату, але пад умовы, калі беларусы будуць гатовыя да яго рэалізацыі. На бягучы момант запускаць план — гэта сабагубства, таму мы займаемся падрыхтоўкай» (А.Азараў)
«Мы мусім рабіць на міжнародным кірунку, гэта і пытанне таго, як мы будзем вырашаць гуманітарную праблематыку. Мы разумеем, што ў такіх умовах многія беларусы захацелі б пакінуць Беларусь. Зараз мы працуем над выбудоўваннем міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, і гэтая праца нам прыдасца вельмі моцна, калі адбудуцца такія падзеі» (В.Кавалеўскі)
Адносіны з Украінай:
«Мы, беларусы, будзем падтрымліваць Украіну незалежна ад таго, як будзе выбудоўвацца наш палітычны дыялог з ёй» (С.Ціханоўская)
«Ад сакавіка мы пастаянна наведвалі Украіну для працы з прадстаўнікамі афіцыйных органаў улады Украіны, з беларускімі добраахвотнікамі, было шмат палітычных сустрэч, у тым ліку ў Офісе прэзідэнта Украіны, з М.Падалякам. Мы не можам сказаць, што задаволены тым узроўнем адносінаў, якія ў нас ёсць з афіцыйным Кіевам, але мы разумеем іх логіку, у якіх умовах яны супрацьстаяць смяротнай пагрозе, і таму падтрымка Украіны застаецца ў нашым прыярытэце» (В.Кавалеўскі)
Адносіны з палком Каліноўскага, магчымасць сустрэчы С. Ціханоўскай з імі ва Украіне:
«Я буду вельмі рада сустрэцца з прадстаўнікамі палка Каліноўскага. Я не магу сказаць, што ў нас няма з імі камунікацыі. Мы на сувязі з палком Каліноўскага на сталай аснове праз нашага прадстаўніка па замежных справах. Пакуль я не магу сустрэцца з імі на тэрыторыі Украіны, паколькі, адпаведна майму статусу ў Літве, мне патрэбна афіцыйнае запрашэнне МЗС Украіны, якое мне пакуль не могуць забяспечыць. Калі гэта вырашыцца, я гатова сустрэцца» (С.Ціханоўская)
Дапамога палітзняволеным, перамовы з рэжымам па іх вызваленні:
«Трэба разумець, што не ў нас знаходзяцца ключы ад турмаў. Рэжым адказны найперш за сітуацыю з палітзняволенымі. І мы не бачым з яго боку сігналаў аб гатоўнасці да перамоваў. Вельмі важна не падыходзіць да гэтай справы як да „гандлю“. І мы не павінны сварыцца паміж сабой па гэтым пытанні, бо ўсе мы жадаем аднаго і таго ж» (В.Гарбунова)
«Палітзняволеныя — не ўпершыню з’явіліся ў Беларусі. Улічваючы папярэдні вопыт, у такіх перамовах ёсць вельмі вялікая рызыка быць падманутым рэжымам. Гэтаксама і прапанова рэжыму з міжведамаснай камісіяй па вяртанні тых, хто з’ехаў за мяжу — мы разумеем, што ў грамадства няма падстаў давяраць ёй. Таму першым сігналам ад рэжыму павінны стаць крок па вызваленні шэрагу палітзняволеных на гуманітарных падставах: інвалідаў, шматдзетных і г. д.» (В.Гарбунова)
«Мы пачалі перамовы з партнёрамі з розных краін, якія гатовыя падтрымаць нашую ідэю стварэння міжнароднага фонда для дапамогі палітзняволеным Беларусі. Гэта павінна быць нейкі „агульны гаманец“, для ўзмацнення той важнай працы, якую ўжо робяць беларускія фонды і НДА, каб гэтыя фонды і арганізацыі маглі падтрымаць большую колькасць людзей» (В.Гарбунова)
Санкцыі, закрыццё пагранпераходаў на мяжы з Беларуссю:
«Мы лічым, што трэба ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітзняволеных. Закрываючы пагранпераходы з Беларуссю для грузавых перавозак, суседнія краіны ўтвараюць вельмі жорсткі ціск на рэжым. Мы заклікаем урады дэмакратычных краін падтрымаць рашэнне Польшчы па закрыцці пагранпераходаў і ўзмацніць ціск на рэжым. Але мы не гаворым пра абмежаванне пасажырскага транспарту. Мы выпрацавалі сваё бачанне па гэтых пытаннях, агучылі яго, але рашэнне прымаюць тыя краіны, якія ўводзяць санкцыі. Мы агучылі свае прапановы па гарманізацыі санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Беларусі і РФ. Нам важна, каб не было магчымасці абыходу санкцый, мы пастаянна кантактуем на гэты конт з адпаведнымі органамі ЕС» (П.Латушка)
«З'явілася інфармацыя, што шэраг краін хоча выключыць пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў з санкцыйнага спісу. Але пазіцыя аб тым, што гэтыя санкцыі нібыта істотна павышаюць кошт харчавання ў свеце, не мае падстаў. Хутчэй гаворка ідзе пра тое, што існуе лабіраванне гэтага пытання калійнымі групоўкамі, якія зарабляюць на гэтым мільярды, у т.л. Лукашэнка» (П.Латушка)
Міжнародны ціск на рэжым:
«Мы распачынаем працу па блакаванні кандыдатуры Лукашэнкі на выбарах у Раду бяспекі ААН» (В.Кавалеўскі)
«Візіт міністра МЗС Венгрыі ў Беларусь — гэта адступленне ад той палітыкі непрызнання Лукашэнкі, якую праводзіла ЕС ад 2020 г. Але гэта крок толькі адной дзяржавы, якая ўжо пазначыла сябе на мапе Еўропы, як досыць прыхільную да аўтарытарных рэжымаў, у т.л. рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Таму мы не можам казаць, што гэта змена палітыкі ўсяго ЕС» (В.Кавалеўскі)
«Мы супрацоўнічаем з Інтэрполам: хочам, каб гэтая арганізацыя верыфікавала ўсе запыты, якія дасылае рэжым у гэтую арганізацыю, бо мы сабралі мноства доказаў таго, што рэжым выкарыстоўвае гэтую арганізацыю для пошуку палітычных апанентаў. Што тычыцца выпадка з затрыманнем беларуса з гуманітарнай візай у Неапалі - мы праверылі: гэты выпадак не звязаны з палітыкай, гэта тычыцца злачынства, здзейсненага яшчэ да 2020 г.» (А.Азараў)
Новы пашпарт для беларусаў:
«Пашпарт мусіць быць прызначаны не толькі для пацвярджэння беларускага грамадзянства, але для міжнародных паездак. Мы шмат кансультаваліся з міжнароднымі партнёрамі, каб яны пацвердзілі перспектыўнасць ідэі. Ёсць папярэднія дамоўленасці па гэтай справе, не магу раскрываць усе дэталі. Праект падтрымліваецца Еўракамісіяй, але поспех залежыць ад таго, ці атрымаем мы падтрымку ад асобных дзяржаў. Адмысловая група з дызайнераў, геральдыстаў працавала над гэтым дакументам, ідэю падтрымалі фундатары» (В.Кавалеўскі)
Культура:
«Праца ў галіне культуры і адукацыі - не такая заўважная і хайповая, але не менш важная чым праца сілавога блоку. Я цешуся, што ўзнагарода „Гонар і годнасць“ выклікала такі рэзананс — я ўпэўнена, што праз такія грамадскія дыскусіі будзе ўмацоўвацца наша нацыянальная самасвядомасць. Распрацавана цэлая лінейка новых узнагародаў, хутка мы абвесцім першы спіс асобаў, якія атрымаюць узнагароды» (А.Коўшык)
Comments