Сёння, 8 лютага 2024, Еўрапейскім парламентам была прынята рэзалюцыя ў сувязі з новай хваляй масавых арыштаў у Беларусі — нядаўнімі рэйдамі КДБ, накіраванымі супраць актывістаў, членаў сем'яў палітвязняў і былых палітвязняў. Паводле апошняй інфармацыі пад гэтыя рэйды трапіла як мінімум 224 чалавекі.
Якім жа стаў адказ Еўрапейскага парламента і якія прапановы ў новую Рэзалюцыю ўнесла каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення?
1. Асуджэнне рэпрэсій, патрабаванне іх неадкладнага спынення, роўна як і неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў з выплатай кампенсацый і поўным аднаўленнем правоў пацярпелых ад рэпрэсій. Гэты пункт, нягледзячы на ўяўленні аб клішэ, важны таму, што тэма рэпрэсій захоўваецца на парадку дня Еўрапарламента і дадзеныя патрабаванні застаюцца нязменнымі. Рэжым Лукашэнкі не зможа разлічваць на змяненне палітыкі ЕС у дачыненні да яго датуль, пакуль гвалт і рэпрэсіі не спыняцца і палітвязні не будуць вызваленыя.
2. Еўрапарламент — і гэта важна — сярод іншага адзначае выкарыстанне рэжымам прымусовай працы палітвязняў і заклікае да ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі. У тэкст рэзалюцыі ўключаны пункт з канкрэтнымі мерамі ціску, а менавіта — увядзеннем санкцый у дачыненні да тавараў, якія вырабляюцца з прыцягненнем прымусовай працы. Гэта першае з прапаноў каманды НАУ, уключанае ў тэкст рэзалюцыі. Акрамя таго, мы падрыхтавалі аналіз адпаведных сектараў і груп тавараў з абгрунтаваннем мэтазгоднасці прымянення такіх санкцый. Дадзены падыход быў абраны намі як найбольш эфектыўны спосаб факусіроўкі на праблеме менавіта палітвязняў і прасоўвання прыняцця адпаведнага санкцыйнага пакета. Рэжым Лукашэнкі здзейсніў мноства злачынстваў, у тым ліку і ваенных, і павінен быць прыцягнуты за іх да адказнасці. Аднак нам таксама важна, каб у рамках адказнасці не размывалася праблема з палітвязнямі і злачынствамі ў дачыненні да канкрэтна беларусаў. Каб канкрэтныя меры былі прыняты нашымі партнёрамі менавіта ў гэтым кірунку.
3. Еўрапарламент таксама заклікае працягваць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць пераўтварэнне экспертызы Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў цалкам незалежны механізм расследавання, падтрымліваць мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі і, што вельмі важна — спрыяць прыцягненню рэжыму да адказнасці праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю. Дадзены пункт Рэзалюцыі таксама быў уключаны ў яе тэкст па ініцыятыве каманды НАУ.
4. Адзначаючы сітуацыю з сістэматычнымі парушэннямі правоў і свабод чалавека ў Беларусі, Еўрапарламент таксама заяўляе аб сваёй пазіцыі з нагоды адсутнасці празрыстасці, свабоды і справядлівасці напярэдадні так званых парламенцкіх і мясцовых «выбараў» у Беларусі і заклікае ЕС, яго дзяржавы-члены і міжнародную супольнасць не прызнаваць іх вынікі. Дадзены пункт — таксама вынік нашых кансультацый з шэрагам дэпутатаў Еўрапарламента ў ходзе падрыхтоўкі Рэзалюцыі. У рэжыму Лукашэнкі не павінна заставацца і ценю надзеі нават на частковае аднаўленне легітымнасці і прызнання праз імітацыю выбараў, якія ён запланаваў.
5. Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае ўлады дзяржаў-членаў ЕС даць беларусам магчымасць атрымліваць візы і віды на жыхарства. Гэта значыць, што нашыя партнёры ўсведамляюць важнасць праблемы з легалізацыяй беларусаў за мяжой і нацэленыя на яе рашэнне.
Натуральна, для нас, беларусаў і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, канкрэтныя дзеянні важнейшыя за словы і заклікі. Але абапіраючыся сярод іншага на такія дакументы, як рэзалюцыі Еўрапарламента, ПАСЕ і іншых арганізацый высокага ўзроўню і тым больш удзельнічаючы ў іх падрыхтоўцы, мы атрымліваем значна больш магчымасцяў і важкіх аргументаў для тых самых канкрэтных дзеянняў.
Comments