top of page

Адзін пояс — адзін шлях без Лукашэнкі


17 кастрычніка 2023 года дыктатар правёў цэлых дзве міжнародных сустрэчы — з віцэ-прэзідэнтам Ірана і кіраўніком МЗС Венесуэлы. Так прапаганда старалася паказаць, што Лукашэнка сур'ёзны міжнародны гулец, які адыгрывае важную ролю ў сусветнай палітыцы.

Лукашэнка з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам
Лукашэнка з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам

На сустрэчах ён як заўсёды скардзіўся на санкцыі і страшэнны калектыўны захад. Ды вось толькі сустрэчы гэтыя менавіта ўчора не мелі ніякага сэнсу акрамя прапагандысцкага. Чаму?

У гэты ж дзень у Пекіне пачаўся найбуйнейшы форум «Адзін пояс — адзін шлях», на які вялікі геапалітык Лукашэнка нават не быў запрошаны.

«Адзін пояс — адзін шлях» — гэта міжнародная ініцыятыва Кітая, якая дазваляе ўдасканальваць дзеючыя і ствараць новыя гандлёва-транспартныя калідоры, якія звязваюць паміж сабой больш за 60 краін Цэнтральнай Азіі, Еўропы і Афрыкі. Гэтая ініцыятыва заклікана спрыяць развіццю гандлёвых адносін паміж гэтымі краінамі і Кітаем. У цяперашні час агулам больш за 150 краін і больш за 30 міжнародных арганізацый падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве ў рамках гэтай ініцыятывы. У тым ліку і Рэспубліка Беларусь.

Пра тое, наколькі важным гэты праект з'яўляўся для Беларусі, сведчыць той факт, што Беларусь была першай краінай ва Усходняй Еўропе, якая далучылася да яго.

І яшчэ ў верасні гэтага года міністр замежных спраў дыктатара Сяргей Алейнік заяўляў, што Беларусь плануе ўзяць удзел у форуме «Адзін пояс — адзін шлях». «Будзем і далей прасоўваць усе сумесныя ініцыятывы ў рамках “Аднаго поясу — аднаго шляху”», — цытавала Алейніка БелТА.

Але нешта пайшло не так. Лукашэнку не запрасілі. Прычын можа быць некалькі, але адна з іх ляжыць на паверхні — Лукашэнка перашкаджае паўнавартаснаму функцыянаванню таго самага аднаго шляху. Фальсіфікацыя выбараў, бязспынныя рэпрэсіі, міграцыйная вайна, саўдзел у агрэсіі прывялі да таго, што на рэжым былі накладзеныя магутныя санкцыі.

На міграцыйнай вайне варта спыніцца падрабязней. Нагадаю, што краіны-суседкі Польшча, Літва і Латвія ў адказ на ўзмоцненую плынь мігрантаў выставілі дыктатару ўльтыматум аб поўным закрыцці межаў, папярэдне зачыніўшы некалькі памежных грузавых пераходаў.

А з улікам вайны ва Украіне, альтэрнатыўных гандлёвых шляхоў заставалася ўсё менш. Беларусь магла б быць перспектыўным акном для кітайскіх тавараў у Еўропу, але дзеянні Лукашэнкі рабілі ўдзел Беларусі ў праекце «Адзін пояс — адзін шлях» усё больш праблемным. Праз таксічнасць Лукашэнкі беларускае акно для кітайскіх тавараў стала зачыняцца.

У 2022 годзе ў параўнанні з папярэднім годам аб'ём перавезеных грузаў з Кітая ў Еўропу скараціўся на 133 тысячы дваццаціфутавых кантэйнераў, што стала на 32,5% менш чым у 2021 годзе. Таксама на 36% скараціўся аб'ём перавезеных грузаў у зваротным кірунку з Еўропы ў Кітай.

Такім чынам, агульны грузаабарот паміж Кітаем і Еўропай скараціўся на 34%. Прычым аб'ём перавезеных грузаў у 2022 годзе аказаўся меншым нават у параўнанні з кавідным 2020 годам, у якім з-за пандэміі назіралася скарачэнне вытворчасці.

Ужо ў першым паўгоддзі 2023 года аб'ём чыгуначных перавозак па Еўразійскім калідоры ў зносінах Кітай-Еўропа знізіўся на 48%, вярнуўшыся да перадпандэмійнага паказчыка 2019 года. Сумарны аб'ём адпраўленых і ўвезеных грузаў з Кітая ў Польшчу, куды ільвіная доля тавараў транзітам ідзе праз Беларусь, за першых дзевяць месяцаў 2023 года зменшыўся аж на 52%.

На памежных чыгуначных пераходах паміж Беларуссю і Польшчай рэгулярна назіраюцца заторы. Напрыклад, сярэдні час пагрузкі і мытнага афармлення на чыгуначных пераходах паміж Польшчай і Калінінградскай вобласцю Расіі займае дзве з паловай гадзіны, у той час як на беларускім пераходзе Брузгі-Кузніца на тыя ж самыя аперацыі патрабуецца ў сярэднім 11 гадзін, а на Брэст-Малашэвічы і зусім 21 гадзіну. Такім чынам, беларуска-польскі ўчастак мяжы з Еўропай з'яўляецца адным з самых праблемных для кітайскага транзіту і віна ў гэтым ляжыць на Лукашэнку.

Варта адзначыць, што асноўнае скарачэнне руху тавараў прыйшлося менавіта на тую частку Шаўковага шляху, якая пралягае праз Еўропу. Грузапаток па транскаспійскім міжнародным транспартным маршруце, які пралягаў праз Кітай, Казахстан, акваторыю Каспійскага мора, Азербайджан, Грузію, Турцыю і далей праз акваторыю Чорнага мора ў Еўропу, з пачатку яго функцыянавання ў 2017 годзе па 2022 год вырас у два з паловай разы і дасягнуў амаль 1,5 млн тон. У 2022 годзе па гэтым маршруце было перавезена 33,6 тысяч дваццаціфутавых кантэйнераў, што на 33% перавышала паказчыкі папярэдняга 2021 года.

Ва ўмовах санкцый, накладзеных на рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, спыніліся перавозкі праз Расію і Беларусь многімі еўрапейскімі і амерыканскімі кампаніямі. Пры дзеючых абмежаваннях і напружанасці адносін з Захадам у Беларусі таксама пачынае назірацца адставанне ў развіцці крытычна важнай лагістычнай інфраструктуры.

У першую чаргу гэта датычыцца амбіцыйнага праекта — індустрыяльны парк «Вялікі камень», які павінен быў, па задумах стваральнікаў, стаць галоўным лагістычным хабам у нашым рэгіёне. Прамыя замежныя інвестыцыі ў парку, дасягнуўшы максімуму ў 2019 годзе ($114,9 млн) рэзка абваліліся да 2022 года і склалі толькі $14,4 млн, або ў восем разоў менш. Упалі і інвестыцыі ў асноўны капітал. Практычна не расце колькасць рэальна дзеючых рэзідэнтаў.

Такім чынам у скарачэнні транзіту кітайскіх тавараў праз Беларусь не апошнюю ролю адыграла палітыка Пуціна і Лукашэнкі. І калі ад Пуціна Кітай не можа, ды і не хоча так проста адмахнуцца, бо за бясцэнак купляе ў яго нафту і газ, адпаведна той яшчэ пакуль выгадны Паднябеснай, то стратны Лукашэнка апынуўся ў вельмі дрэннай для сябе сітуацыі.

Навошта Кітаю запрашаць на форум такога чалавека ці яго прадстаўнікоў (ну не лічыць жа ўсур'ёз прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь на такім форуме кіраўніка КДК Васіля Герасімава), якія не здольныя вырашыць іх праблему?

І навошта Кітаю запрашаць такога персанажа, якога лідары некаторых краін, якія прыехалі на форум не прызнаюць легітымным кіраўніком краіны? Як гасцінныя гаспадары кітайцы не хацелі ставіць паважаных гасцей у няёмкае становішча, а вось непаважанага марыянетку Крамля цалкам можна дэманстратыўна не запрашаць.

А Пуцін цяпер не ў тым становішчы, каб заступацца за свайго хаўрусніка ў Пекіне.

Лукашэнка страціў кропку апоры ў Пекіне і яму на гэта дэманстратыўна паказалі.

コメント


bottom of page