top of page

Агульная заява дэмакратычных сілаў Беларусі да «выбараў» 2025


23 кастрычніка, 2024

У 2025 годзе адбудуцца так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, а на самой справе — бязвыбары, таму што права выбару ў людзей скрадзенае.

Электаральная кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь. Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля. 

Больш за 1300 чалавек на дадзены момант афіцыйна прызнаныя палітзняволенымі, а патэнцыйныя кандыдаты незаконна кінутыя за краты ці выціснутыя з краіны.

З-за рэпрэсіяў беларусы і беларускі не змогуць пабачыць дэмакратычных кандыдатаў і кандыдатак у бюлетэнях, паўдзельнічаць у мітынгах і агітацыйнай кампаніі. 

Баючыся чарговай паразы на выбарах, рэжым пазбавіў рэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі, больш за 1700 грамадскіх арганізацыяў і закрыў усе незалежныя медыя. 

Гэта яшчэ далей ад свабодных выбараў, чым калі-небудзь раней у Беларусі.

Мы патрабуем спынення ўсіх відаў рэпрэсіяў, вызвалення ўсіх палітзняволеных, рэалізацыі права ўсіх грамадзянаў Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.

Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу.

Мы прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу. Мы таксама прапрацоўваем і прапануем іншыя варыянты як выказаць пратэст у залежнасці ад развіцця сітуацыі. 

Такім чынам мы пакажам, што беларускае грамадства дагэтуль выступае супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і справядлівых выбараў. 

Святлана Ціханоўская Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі Каардынацыйная рада Беларусі

 

Yorumlar


bottom of page