Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Сёлета ў польска-беларускіх стасунках надыходзіць своеасаблівы юбілей — 30 гадоў па той бок усходняй мяжы Польшчы ва ўладзе будзе знаходзіцца рэжым дыктатара Лукашэнкі.
У адносінах Польшчы і Беларусі пад кіраваннем рэжыму Лукашэнкі былі розныя часы, але такога марозу ў сучаснай гісторыі не было ніколі.
Гэта не фігура мовы — сёння гэтыя адносіны літаральна замарожаныя. Пры гэтым, важна абмовіцца — замарожаныя яны менавіта з рэжымам Лукашэнкі, у той час як з беларускімі дэмакратычнымі сіламі стасункі Польшчы яшчэ ніколі не былі настолькі блізкімі і саюзніцкімі.
Паводле звестак справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, з мая 2020 года ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўнагадовых, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што сёння адбываецца за ўсходняй сцяной Польшчы. Гэты напад на грамадзянскае насельніцтва — гэта дзяржаўная палітыка рэжыму Лукашэнкі.
З сотняў тысяч беларусаў, якія бягуць ад гэтай «палітыкі», большасць прыняла і працягвае прымаць у сябе менавіта Польшча. Аказваемую ёю дапамогу складана пераацаніць, Польшча літаральна з'яўляецца лідарам у Еўропе па падтрымцы беларускага народа. І адным з самых актыўных драйвераў у пытанні ціску на злачынны рэжым Лукашэнкі.
Гэтая роля, безумоўна, спалучаная і з сур'ёзнымі пагрозамі, якія гэты рэжым стварае для Польшчы. За падтрымку беларусаў у 2021 годзе Лукашэнка фактычна абвясціў Польшчы гібрыдную вайну. Яе складнікамі з'яўляецца і міграцыйны крызіс, асноўны ўдар ад якога прыняла на сябе Польшча, і рэпрэсіі ў дачыненні да польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Гэта і інфармацыйная вайна ў выглядзе ашалелай антыпольскай прапаганды.
Вайна канчаткова паказала, што словы Лукашэнкі не вартыя нічога. За абяцаннем дыктатара, што ніводзін салдат не ўвойдзе ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, якое ён даваў напярэдадні пачатку вайны, рушыў услед подлы ўдар у спіну і крывавая разня ў Бучы, Ірпене, Гастамелі, Барадзянцы.
А сёння гэты ж чалавек распавядае пра важнасць міру. Пра суседзяў, якія «ад бога». А ягоная ценявая дыпламатыя зноў спрабуе пракруціць стары трук, пасылаючы Захаду сігналы аб тым, што Лукашэнка — «гарант суверэнітэту», што яму зноў трэба «даць прастору для манеўру».
Напэўна падобныя сігналы з-за сцяны павінны прыходзіць і ў Польшчу. А ўлічваючы ўсе праблемы, якія стварыў і працягвае ствараць Польшчы агрэсар за сцяной, здаецца, што з ім сапраўды ёсць пра што пагаварыць. Паспрабаваць дамовіцца. Паспрабаваць паверыць яму... у які раз. І паспрабаваць ухіліцца ад удару ў спіну, які рушыць услед за яго абяцаннямі.
Comentarios