top of page

Аб’яднаны пераходны кабінет абмяркоўвае планы на 2025 год


Фота АПК Беларусi
Фота: НАУ-медыя

Стратэгія дзеянняў на 2025 год, стаўленне да будучых прэзідэнцкіх выбараў, падрыхтоўка да канферэнцыі «Новая Беларусь», падтрымка незалежных СМІ абмяркоўваецца 15 ліпеня ў Варшаве на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

У сустрэчы бяруць удзел кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі — Павел Латушка (па транзіце ўлады) разам з намеснікамі Арцёмам Праскаловічам і Арцёмам Бруханам; Валерый Сахашчык (па абароне і нацыянальнай бяспецы); Аліна Коўшык (па нацыянальным адраджэнні) і яе намеснік Павел Баркоўскі; Вольга Гарбунова (па сацыяльнай палітыцы); Уладзімір Астапенка (па замежных справах, выканаўца абавязкаў), а таксама кіраўнік апарата кабінета Валерый Мацкевіч.

Паводле інфармацыі АПК, падчас візіту дэмакратычнага лідара ў Польшчу «запланаваныя сустрэчы з дзеячамі культуры, прадстаўнікамі беларускага бізнесу, дыпламатамі, былымі палітвязнямі, прадстаўнікамі ініцыятыў гуманітарнай дапамогі ўцекачам», а таксама чыноўнікамі польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Ціханоўская падзякавала польскім уладам «за рашучасць, асабліва ў справе вызвалення палітзняволеных». Дэмсілы, заявіла яна, вітаюць вызваленне ў Беларусі «некалькіх палітвязняў, у прыватнасці Рыгора Кастусёва», і дамагаюцца, каб «былі вызваленыя ўсе, у першую чаргу тыя, хто знаходзіцца ў крытычным стане па здароўі».

Палітык выказала надзею, што па выніках сустрэчы ў МУС Польшчы працягне дзейнічаць рабочая група па пытаннях легалізацыі беларусаў і знойдуцца «разумныя рашэнні, каб беларусаў не абмяжоўвалі пры перасячэнні мяжы, а ўсе санкцыі былі накіраваныя найперш на рэжым Лукашэнкі, а не на простых грамадзян Беларусі».

Сярод іншага з прадстаўнікамі польскіх уладаў плануецца абмеркаваць выдачу беларусам віз, спрашчэнне ўмоў для адкрыцця банкаўскіх рахункаў.

 

Comments


bottom of page