Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі аб супрацьдзеянні пагрозам суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь
a) Прымаючы пад увагу заяву прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У.Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі,
б) нагадваючы аб незаконнасці ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пасля яго паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г.,
в) у сувязі з агрэсіяй Расійскай Федэрацыі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны,
г) адзначаючы факт выкарыстання Расійскай Федэрацыяй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для акта агрэсіі супраць Украіны насуперак волі беларускага народа,
д) пацвярджаючы імкненне беларускага народа да бяз'ядзернага статусу Беларусі, выказанае ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 года, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года і ў Мемарандуме аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 1968 года ад 5 снежня 1994 года (Будапешцкі мемарандум),
е) нагадваючы аб гарантыях павагі незалежнасці, суверэнітэту, дзяржаўных межаў, непрымянення сілы і эканамічнага ціску, прадастаўленых Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам,
ж) прымаючы пад увагу абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па Дагаворы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года, уключаючы абавязацельствы, згаданыя ў Будапешцкім мемарандуме, а менавіта: вывесці ўсю ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі,
з) пацвярджаючы міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па нераспаўсюджванні ядзернай зброі,
і) нагадваючы аб раней заяўленых патрабаваннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета да Расійскай Федэрацыі аб неадкладным і поўным вывадзе ўсіх яе войскаў і ваенных аб'ектаў з тэрыторыі Беларусі,
к) адзначаючы неад’емнае права беларускага народа на самаабарону Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са Статутам ААН,
Аб’яднаны Пераходны Кабінет
Прызнае, што размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбываецца супраць волі беларускага народа.
Заяўляе, што Расійская Федэрацыя парушае свае абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь па павазе незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Заяўляе, што рэжым Лукашэнкі і Расійская Федэрацыя парушаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў адпаведнасці з Дамовай аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.
Канстатуе, што ніякіх гарантый павагі незалежнасці, суверэнітэту, дзяржаўных межаў, непрымянення сілы і эканамічнага ціску, прадастаўленых Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам, больш не існуе.
Прызнае, што народ Беларусі мае права абараняць свой суверэнітэт і незалежнасць усімі даступнымі сродкамі.
Заяўляе, што любое прымяненне сілы Расійскай Федэрацыяй супраць беларускага народа на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе ўяўляць сабой акт агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.
Заклікае міжнародную супольнасць, у прыватнасці Еўрапейскі Саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Канаду, Японію, іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, у мандат якіх уваходзіць падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, прыняць усе магчымыя меры для аказання дапамогі беларускаму народу ў абароне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Варшава, Вільня, 17 чэрвеня 2023 г.
Comments