Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў сустрэчу з маладымі дыпламатамі міністэрстваў замежных спраў краін-членаў Еўрапейскага саюза. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі больш як 20 міністэрстваў замежных спраў: Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Францыі, Італіі, Партугаліі, Харватыі і іншых краін-членаў ЕС. Сустрэча адбылася ў Музеі вольнай Беларусі.
Павел Латушка праінфармаваў аб унутранай сітуацыі ў Беларусі, аб рэпрэсіях, якія ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі супраць беларусаў.
Поўны тэкст выступу Паўла Латушкі:
Добры дзень, шаноўнае спадарства.
Я рады вітаць вас у Музеі Вольнай Беларусі — праекце Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, кіраўніком якога я з'яўляюся. Мы ўжо другі раз ладзім такую сустрэчу, год таму я таксама выступаў перад вашымі калегамі. Для мяне важна, што ў мяне ёсць магчымасць расказаць вам пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, як важна выйграць вайну за Беларусь.
Як можна выйграць вайну за Беларусь?
Наўпрост зараз у цэнтры Еўропы ідзе не адна, а адразу дзве вайны, развязаныя Расіяй. Вайна супраць свабоднай і незалежнай Украіны. І вайна Расіі супраць свабоднай і незалежнай Беларусі.
Усяго цяпер у Беларусі сёння налічваецца больш за 5000 палітычных зняволеных, якіх катуюць у турмах; больш за 60 000 чалавек былі затрыманыя па палітычных матывах, каля 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Другая вайна была неабвешчанай, ціхай і амаль незаўважнай на фоне першай. Больш за тое, першая вайна ў прынцыпе не магла адбыцца без другой. Без беларускага плацдарму, атрыманага Расеяй у выніку гібрыднай акупацыі Беларусі, паход Расеі на Кіеў быў бы ў прынцыпе немагчымы. Аднак гісторыя не церпіць ўмоўнага ладу.
У сувязі з гэтым давайце пагаворым пра тое, як звязаныя гэтыя дзве вайны і якая павінна быць наша стратэгія ў дачыненні да Беларусі. Калі мы хочам вырваць яе з-пад расейскай акупацыі, а не ставіць на ёй крыж.
Перш за ўсё, неабходна зразумець, што ў абедзвюх войнах прарасейскі рэжым крамлёўскай марыянеткі Лукашэнкі выступае на баку Расеі.
Так, гэта парадокс, таму што ўлады і войска Украіны ваююць за Украіну, і гэты відавочны факт робіць гэтак жа відавочным актыўную дапамогу ім. У той самы час нелегітымныя ўлады Беларусі ваююць супраць Украіны і Беларусі, яны ваююць за Расею.
Але ёсць тыя, хто б'ецца за Беларусь замест яго.
Гэта беларускія дэмакратычныя сілы, Аб'яднаны Пераходны Кабінет — наша ўрадавая структура ў выгнанні, Офіс абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, Народнае Антыкрызіснае Упраўленне і іншыя палітычныя і грамадскія арганізацыі. І, канешне, беларускія добраахвотніцкія фарміраванні ва Украіне.
І сапраўды гэтак жа, як і ўладам, і войску Украіны, нам патрэбныя актыўныя саюзнікі, якія маюць стратэгію. Я б нават сказаў, што без такіх саюзнікаў нашыя шанцы на выратаванне Беларусі імкнуцца да нуля.
Так, на нашай тэрыторыі зараз не ідзе баявых дзеянняў і таму мы не просім у саюзнікаў Хаймарсы, Леапарды ці знішчальнікі F-16.
Захоп Беларусі Расіяй ажыццяўляецца інакш. Гэта гібрыдная акупацыя, на якую Расея марнуе вялізныя рэсурсы.
Расія траціць мільярды на ўтрыманне ва ўладзе марыянетачнага рэжыму Лукашэнкі, на забеспячэнне праводзімых ім масавых рэпрэсій, на рэалізацыю інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы — неасавецкага праекта Расіі па паглынанні Беларусі. На размяшчэнне ядзернай зброі і бясконцыя ваенныя вучэнні на нашай тэрыторыі. Расея таксама траціць вялікія сродкі на выкараненне нацыянальнай самасвядомасці і ідэалагічную перапрашыўку беларусаў у духу рашызму і «рускага свету». Гэта антыбеларуская і антыеўрапейская перапрашыўка.
А значыць другое, што нам трэба зразумець, калі мы хочам выратаваць Беларусь — неабходна значна нарасціць патэнцыял нацыянальна-арыентаваных, праеўрапейскіх беларускіх дэмакратычных сіл у барацьбе супраць Расіі і пра-расійскіх сіл у Беларусі.
На жаль, сёння Расія — гэта адзіная краіна, якая мае стратэгію ў дачыненні да Беларусі.
Стратэгія паглынання Беларусі ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы і яе растварэння ў «рускім свеце». І правадніком гэтай стратэгіі, паслухмяным і дакладным інструментам яе рэалізацыі ў Беларусі з'яўляецца марыянетачны рэжым Лукашэнкі.
Гэта трэцяе, што трэба зразумець. Лукашэнка — не той, з кім трэба шукаць кропкі судотыку, не той, хто хоча ці будзе супрацьстаяць Расеі ў яе ціхай вайне за Беларусь. Не той, хто клапоціцца пра яе нацыянальныя інтарэсы.
Ён даказаў гэта, стаўшы саўдзельнікам вайны супраць Украіны ў 2022 годзе і працягвае даказваць гэта сёння, прымаючы ўдзел у ваенных злачынствах Расеіі, у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, размяшчаючы ў Беларусі расійскую ядзерную зброю і наймітаў ЧВК Вагнер. І адначасова метадычна знішчая ўсё беларускае.
Таму нельга заставацца сляпым і наіўным і лічыць, што з Лукашэнкам можна пра нешта дамовіцца. Што «на яго не трэба занадта моцна ціснуць, каб не заштурхаць Беларусь у абдымкі Расеіі яшчэ больш». Гэта далёка не новы падыход. Гэтая карта ўмела разгульвалася пасля кожнага палітычнага крызісу ў Беларусі.
Да чаго прывялі ўсе спробы дамовіцца з Лукашэнкам — усе мы бачым. Мы бачым Беларусь на мяжы поўнай страты сувэрэнітэту і незалежнасьці.
А калі казаць прама — яны дэ-факта ўжо шмат у чым страчаныя. І гаворка павінна ісці аб іх аднаўленні. Таму што ўвесь гэты час, разыгрываючы карту «шматвектарнасць», «балансавання паміж Расіяй і Захадам», рэжым Лукашэнкі не проста выканаў, а перавыканаў планы, ускладзеныя на яго ў Крамлі.
І ўсё ж — мы, беларусы, да гэтага часу не здаліся.
«Вайна міроў» у Беларусі — вайна рускага свету супраць дэмакратычнага — яшчэ не скончана. Але ведучы яе практычна ў адзіночку і пры вельмі абмежаваных рэсурсах мы, дэмакратычныя сілы, рызыкуем яе прайграць.
Так, у гэтай вайне ў нас ёсць ёсць саюзнікі — але нашы саюзнікі пасіўныя. І ў адрозненне ад нашага суперніка, у нашых саюзнікаў няма агульнай стратэгіі.
Я ведаю, што гэта можа гучаць непрыемна — але я кажу гэта прама. Не як дыпламат, а як беларускі палітык.
Палітык краіны, якую ціха забіваюць ва ўсіх на вачах. Палітык, які дакладна разумее тое, што дыпламатыяй, а тым больш маўчаннем, яе не выратаваць. Час зірнуць праўдзе ў вочы і не апускаць іх, нягледзячы на тое, што гэтая праўда можа нам не спадабацца.
Бо калі мы гаворым пра стратэгію — стратэгію перамогі ў бітве за Беларусь — мы павінны засноўваць яе на аб'ектыўнай рэальнасці.
А рэальнасць такая, што бітва за Беларусь сёння ідзе адразу на некалькіх франтах. І на кожным з іх вораг — Расея і яе марыянетка Лукашэнка — маюць значную перавагу.
Таму стратэгія, пра якую я кажу, — гэта стратэгія павышэння патэнцыялу беларускіх дэмакратычных сіл у нашай барацьбе за Беларусь супраць «рускага свету».
Мабыць, менавіта на геапалітычным фронце і вырашыцца лёс Беларусі. Ці стане яна дэ-факта часткай Расіі, канчаткова растварыўшыся ў Саюзнай дзяржаве, ці атрымае еўрапейскую перспектыву развіцця, перспектыву ўваходжання ў Еўрапейскі саюз і НАТА.
Фактычна, усё, пра што я казаў вышэй, зводзіцца да простага пытання:
Якую Беларусь вы хочаце ўбачыць заўтра: расійскую «Белоруссию» ці еўрапейскую Беларусь?
І калі адказ — еўрапейскую Беларусь, будучы член ЕС і НАТА, то ўсе задачы, пра якія я казаў вышэй, павінны легчы ў аснову нашай агульнай стратэгіі.
Бо на сёння мы бачым зусім іншую Беларусь. Беларусь, якая з'яўляецца ўдзельнікам усіх інтэграцыйных, неаімперскіх праектаў Расіі: Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС і СНД.
Аднак добрая навіна ў тым, што Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі — гэта цэнтральны элемент, аснова і галоўны інструмент імперскай палітыкі Расіі.
Без Беларусі імперскія праекты Расіі становяцца немагчымымі.
Як немагчымым становіцца і працяг вайны супраць Украіны. Бо вайну супраць Украіны вядзе не адна Расія, а Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі. У якой Беларусь знаходзіцца толькі таму, што існуе рэжым Лукашэнкі. У той час як Саюзная дзяржава існуе толькі таму, што ў ёй ёсць Беларусь.
І пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка — сітуацыя не зменіцца.
Калі мы хочам сур'ёзна яе змяніць, то нам трэба памятаць, што самая магутная санкцыя, якую Захад можа прымяніць да Расіі — гэта скасаванне ўлады Лукашэнкі ў Беларусі.
Скасаванне рэжыму Лукашэнкі азначае скасаванне Саюзнай дзяржавы — а гэта значыць хутчэйшую перамогу ў дзвюх войнах: у вайне за Украіну, і вайне за Беларусь.
Месца Беларусі — у Еўропе, а не ў Расіі. І гэтае меркаванне падзяляюць усе нашы партнёры. Аднак час партнёраў павінен змяніцца часам праактыўных саюзнікаў. Час разважанняў і глыбокіх асцярог павінен змяніцца часам рашучых дзеянняў.
Дзякуй за Вашу ўвагу.
Жыве вольная еўрапейская Беларусь!
І Слава Украіне!
Comments