top of page

93 гады з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча


Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол

Творчасць Уладзіміра Караткевіча ўваходзіць у залаты фонд беларускай літаратуры. Караткевіч — аўтар, які паказаў свету адметнасць і каларыт беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры. Дзякуючы свайму таленту і майстэрскаму валоданню родным словам, зрабіў значны ўнёсак у сучаснасць і ў будучыню беларускай нацыі.

У 2010 годзе, калі я займаў пасаду міністра культуры, разам з аднадумцамі ініцыяваў выданне твора «Дзікае паляванне Караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча адначасова на беларускай, рускай, украінскай і англійсках мовах. Мэтай было выдаць твор на роднай мове, а таксама на замежных мовах дзеля таго, каб грамадзяне іншых краін маглі азнаёміцца з беларускай культурай праз творчасць зорнага беларускага пісьменніка — Уладзіміра Караткевіча. Ілюстратарам выдання стаў Юрый Якавенка. Адна цікавостка: праз 13 гадоў кніга класіка была прададзена за даволі значную суму на аўкцыёне па сборы сродкаў для падтрымкі беларускіх палітвязняў.

У бытнасць міністрам таксама ініцыяваў адкрыццё помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве, таму што пісьменнік меў дачыненне да Украіны: скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі, а таксама пісаў творы і на ўкраінскай мове.

Сёння прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ініцыююць выключэнне са школьнай праграмы рамана «Каласы пад сярпом тваім» аўтарства Уладзіміра Караткевіча, аднаго з самых вядомых твораў славутага беларускага аўтара. Такія дзеянні, безумоўна, паказваюць сапраўднае аблічча рэжыму — антыбеларускае, антынароднае і антынацыянальнае. Але знішчыць беларускую культуру немагчыма. Яе не знішчылі сто гадоў таму, яе не знішчаць і сёння. І дзякуючы такім Асобам як Уладзімір Караткевіч, мы сёння можам ганарыцца сваёй культурнай, літаратурнай і гістарычнай спадчынай.

Commentaires


bottom of page