Павел Латушка і намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка правялі сустрэчу з Міністрам замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ
Кіраўнік МЗС адзначыла, што Швецыя ацэньвае дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з вайной ва Украіне ў якасці агрэсара. Зыходзячы з саўдзелу ў злачынстве супраць украінскага народа, найбліжэйшым часам плануецца прыняцце пятага пакета санкцый у дачыненні да Расіі, у які будзе ўключаны блок, які датычыцца рэжыму Лукашэнкі за саўдзел ў вайне супраць Украіны. Такім чынам, пад санкцыі ўжо трапіць 70% беларускага экспарту ў краіны ЕС.
Павел Латушка праінфармаваў аб настроях беларускага грамадства ў адносінах да вайны, падкрэсліўшы, што 97% гарадскога насельніцтва Беларусі выступае супраць вайны. Падобныя настроі распаўсюджаны і сярод вайскоўцаў, што з’яўляецца важным фактарам стрымлівання рэжыму для выкарыстання вайскоўцаў Беларусі ў наземнай аперацыі ў дачыненні да Украіны.
Міністр паведаміла, што Генеральнай пракуратурай Швецыі ўзбуджана крымінальная справа па факце ўчыненых ваенных злачынстваў ва Украіне. Грамадзяне Беларусі ўжо маюць права падаваць Генеральнаму пракурору непасрэдна праз электронную пошту звесткі, якія пацвярджаюць факт саўдзелу рэжыму Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў у ваенных злачынствах супраць Украіны.
Кіраўнік МЗС Швецыі пацвердзіла пазіцыю аб нелегітымнасці Лукашэнкі. Суразмоўцы пагадзіліся, што функцыянальна існуючы нелегітымны рэжым Лукашэнкі стварае пагрозу для незалежнасці Беларусі і пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны, а таксама падрывае рэгіянальную бяспеку.
Павел Латушка асобна праінфармаваў аб дзейнасці прапагандысцкіх дзяржсмі Беларусі па неаб’ектыўным, непраўдзівым і скажоным асвятленні вайны ва Украіне, а таксама аб планах і канкрэтных дзеяннях НАУ па прадухіленні ўплыву прапаганды на грамадскую думку беларусаў.
Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць падтрымліваць кантакты на рэгулярнай аснове.
Comments