top of page

Лукашэнка знішчае беларусаў


Павел Латушка выступіў на мітынгу ў Варшаве 01.11.2023

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол

Падчас свайго выступлення Павел Латушка распавёў наступнае:

«Мне было 15 гадоў, калі мой бацька ўпершыню прыняў удзел у масавым мітынгу беларускіх дэмакратычных сілаў. Ён пайшоў у Курапаты на мітынг у 1988 годзе. І тады былі яго "першыя ўдары дубінкай", якія ён атрымаў. Памятаю, як ён распавядаў пра тое, як гэта было. З часам гэта стала часткай гісторыі маёй сям'і.

Мінула 35 гадоў, а гэты расповед дагэтуль у памяці. І сёння я сярод сыноў і дачок нашых бацькоў разам змагаюся за праўду і свабоду для нашай Радзімы.

Вельмі важна памятаць гісторыі сям'і і роду. Гісторыю старажытнасці, гісторыю традыцый і барацьбы кожнай сям'і. Гэтак жа будуць памятаць усіх нас і нашыя дзеці і ўнукі, і ганарыцца тым, што мы робім сёння. Што мы робім для сябе і для іх.

Беларусы будуць памятаць ахвяраў рэпрэсій лукашызму канца ХХ-пачатку XXI стагоддзя. Беларусы не забудуцца, як не забыліся пра Курапаты. І сённяшняе наша змаганне будуць памятаць пакаленні беларусаў».

Тэкст рэзалюцыі можна прачытаць на сайце НАУ

 

Поўны тэкст выступу Паўла Латушкі

29-30 кастрычніка мы ўсе ўзгадвалі тую страшэнную, чорную ноч 1937 году. Ноч растраляных паэтаў.

Але ж безумоўна разумеючы страту, якую панесла ў гэтую ноч беларушчына, нашая культура, навука, варта разумець і тое, што гэтая памяць і гэтая боль, не элітарная. Бо ня толькі беларускія эліты знішчала што расейская, што савецкая імперыі.

Яны знішчалі нацыю ўвогуле. Знішчалі нашыя карані, каб з каранямі вырваць нашую нацыянальную самасвядомасць — што ў сялянскай думцы, што ў інтэлігенцкай.

Мэта імперый у дачыненні да Беларусі, заўсёды была адна. Вынішчыць нацыю, вынішчыць культуру, мову, думку, прагу да незалежнасці, прагу да ўласнае дзяржавы.

І такой самай яна застаецца і сёння. Бо не дасягнулі той мэты й дагэтуль кáты нашага народу, як яны не стараліся. Як не стараўся й новы Мураўёў — Лукашэнка.

А Беларусы — усё яшчэ жывыя. І Беларусь жыве. І будзе жыць, бо мы працягваем змагацца, дзе б мы не былі. Бо яшчэ гучыць наша мова, гучаць нашыя словы і гучаць яны так:

Мы ўсё памятаем. Мы не здамося.

І няхай ведае Мураўёў — Лукашэнка, што мы не саступім, што мы не адмовімся ад мэтаў сваіх. А гэта:

  • свабода для усіх палітвязняў без выключэння;

  • свабода для ўсіх беларусаў і беларусак ад дыктатуры, рэпрэсій і гвалту;

  • свабода для ўсёй Беларусі — ад Лукашэнкі і ад «рускамірскага» панавання.

І няхай ведае ягонае атачэнне, што ніякіх дамоваў без гэтых умоваў не будзе. Як і не будзе ніякіх дамоваў з самім Лукашэнкам.

Беларусы дамовяцца з беларусамі. Беларусы дамовяцца з цывілізаваным светам.

Дамаўляцца ж з Лукашэнкам і «рускім светам» нам няма пра што. Рэжым Лукашэнкі будзе выціснуты з Беларусі, бо мы не спынім наш ціск. Бо мы не маем права яго спыніць, калі хочам, каб ахвяры нашых Дзядоў, нашых сучаснікаў і нашыя ахвяры былі дарэмнымі.

Мне было 15 гадоў, калі мой бацька напэўна ўпершыню прыняў удзел у масавым мітынгу беларускіх дэмакратычных сілаў. Ён пайшоў у Курапаты на мітынг у 1988 годзе. І тады... Тады былі яго «першыя ўдары дубінкай», якія ён атрымаў, слезатачывы газ. Памятаю, як ён распавядаў пра тое, як гэта было. З часам гэта стала часткай гісторыі маёй сям'і. Мінула 35 гадоў, а гэты расповед дагэтуль у памяці. І сёння я сярод сыноў і дачок нашых бацькоў разам змагаюся за праўду і свабоду для нашай Радзімы.

Таксама памятаю, як у маёй бабулі і дзядулі на Дзяды старэйшы мужчына ў сям'і падыходзіў да акна, грукаў у яго, потым падыходзяў да дзвярэй, адчыняў іх і запрашаў продкаў прайсці за стол. Гэта была даўняя традыцыя ў нашым родзе, якая прайшла праз стагоддзі і праз час дайшла і да маёй сям'і.

Вельмі важна памятаць гісторыі сям'і і роду. Гісторыі са старажытнасці, гісторыю традыцый і барацьбы кожнай сям'і. Гэтак жа будуць памятаць усіх нас і нашыя дзеці і ўнукі і ганарыцца тым, што мы робім сёння. Што мы робім для сябе і для іх.

І яны будуць ганарыцца ўсімі вамі, тымі, хто змагаецца, тымі хто сёння вымушаны знаходзіцца ў турмах, хто пакутуе, хто прынёс сваё жыццё на алтар свабоды. Імі будуць ганарыцца.

І беларусы будуць памятаць ахвяраў рэпрэсій лукашызму канца ХХ-пачатку XXI стагоддзя. Беларусы не забудуцца, як не забыліся пра Курапаты. І сённяшняе наша змаганне будуць памятаць пакаленні беларусаў.

Жыве Беларусь!

Варшава, 1 лістапада 2023 года Дзяды


Comments


bottom of page