Беззаконне дасягнула вышэйшай кропкі. Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну Расіі супраць Украіны. Нашу краіну ператварылі ў плацдарм для ўварвання на тэрыторыю суверэннай дзяржавы.
Калі вы супраць удзелу Беларусі ў ваеннай агрэсіі і знаходжанні войскаў Расіі на нашай тэрыторыі, прыходзьце 27 лютага да выбарчых участкаў і выкажаце пратэст.
Мы сустрэнемся а 14:00 побач з выбарчымі ўчасткамі. Мы вырашаем лёс краіны, і гэта ўжо не пытанне «рэферэндуму». Не важна, ці збіраліся вы галасаваць, ставіць два крыжы ці ігнараваць рэферэндум, — цяпер мы павінны салідарна выказаць пратэст супраць вайны і саўдзелу Беларусі ў чужой агрэсіі.
Каб не падвяргаць сябе лішняй небяспецы, выкарыстоўвайце чэргі і наведванне ўчастку як падставу знаходзіцца на вуліцы. Калі вам выдалі бюлетэнь — стаўце два крыжы і апускайце яго ў скрыню. Калі гэта будзе магчыма, пацвердзіце сваё дзеянне на платформе «Голас» (праз тэлеграм або вайбер) — з фота бюлетэня з двух бакоў або без яго.
Што можна рабіць ужо зараз:
абараніце блізкіх і знаёмых ад дэзінфармацыі: раскажыце, што Беларусь стала саўдзельнікам нападу Расіі на Украіну;
пагаварыце са сваякамі вайскоўцамі: пераканайцеся, што яны не саўдзельнічаюць у агрэсіі супраць суседзяў;
у даступнай форме заявіце, што вы супраць вайны і ўдзелу вашай краіны ў агрэсіі.
Гэтая пазіцыя падтрымана ўсімі структурамі і грамадзянскімі ініцыятывамі, якія ўваходзяць у Аператыўны штаб дэмакратычных сіл Беларусі.
Comments