top of page

16 выпускнікоў атрымалі дыпломы аб заканчэнні дыпламатычнай праграмы


У МЗС Польшчы адбылося ўрачыстае завяршэнне чацвёртага выпуску праграмы «Новыя кадры для Новай Беларусі».

Праграма падрыхтоўкі новых беларускіх дыпламатаў ініцыявана ў 2020 годзе Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Пры арганізайным і фінансавым удзеле МЗС Польшчы з канца 2020 года штогод ажыццяўляецца падрыхтоўка  дыпламатаў для Новай Беларусі. У рамках праграмы падрыхтавана ўжо 74 будучых дыпламаты. 

Галоўнай мэтай дыпламатычнага курса з’яўляецца фарміраванне кадравага рэзерву для дыпламатычнай службы Новай Беларусі. Курс уключаў у сябе: тэорыю і практыку палітыкі і дыпламатыі, знешнюю палітыку і бяспеку, дыпламатычны пратакол, міжнароднае права, аналіз палітычнай сітуацыі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы і інш. Перад удзельнікамі праграмы выступалі еўрапейскія дыпламаты, выкладчыкі польскіх і іншых замежных ВНУ.

Выкладчыкамі на праграме былі як супрацоўнікі Варшаўскага ўніверсітэта і Дыпламатычнай акадэміі МЗС Польшчы, так і запрошаныя госці, сярод якіх былы амбасадар ЗША ў Польшчы Дэніел Фрыд, міністр у канцэлярыі прэзідэнта Польшчы, адказны за міжнародную палітыку Мешка Павляк, спецыяльны прадстаўнік МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, амбасадар Артур Міхальскі, кіраўнік НАУ, амбасадар Павел Латушка, а таксама намеснік кіраўніка НАУ, амбасадар Уладзімір Астапенка.

Сімвалічна, што цырымонія ўручэння дыпломаў адбылася ў МЗС Польшчы ў залі Ежы Гедройца, падчас якой выступіў кіраўнік дыпламатычнай службы і генеральны дырэктар МЗС Рафал Вішнеўскі. Перад выпускнікамі таксама выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка, які адзначыў, што для АПК падрыхтоўка кадраў з’яўляецца прыярытэтным напрамкам і што тыя тэарэтычныя і практычныя веды, якія атрымалі маладыя будучыя дыпламаты, будуць вельмі істотныя падчас фарміравання новага дыпламатычнага корпуса Беларусі. Павел Латушка падкрэсліў, што мы фактычна падрыхтавалі кадравы патэнцыял, каб ў транзітны перыяд забяспечыць працу МЗС Новай Беларусі. На ўручэнні дыпломаў прысутнічалі дырэктары дэпартаментаў МЗС Польшчы.

Па выніках праграмы дыпломы атрымалі 16 выпускнікоў. Ужо зараз удзельнікі ўсіх чатырох выпускаў працуюць для дэмакратычнай Беларусі — у Каардынацыйнай радзе, НАУ, ініцыятыве “Сумленныя людзі” і іншых беларускіх дэмакратычных арганізацыях.

 

Comments


bottom of page