Па традыцыі публікуемы арыгіналы аналітычных запісак
Наступствы санкцыяў уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі ўсё больш складана хаваць за адміністрацыйным утрыманнем курсу нацыянальнай валюты і бравымі заявамі чыноўнікаў аб тым, што санкцыі матывуюць іх і ўмацоўваюць беларускую эканоміку. Вось ужо і паводле афіцыйных звестак Белстат бачна, што прамысловая вытворчасць за красавік 2022 года скарацілася на 10.6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. І прэм’ер Галоўчанка ў красавіку ўжо не так радасна абмаляваў перспектывы БМЗ, МТЗ і МАЗ, якія шукаюць куды б збыць назапашаныя складскія запасы на суму ў 1,5 млрд. долараў, тыя самыя, што раней экспартаваліся ў ЕЗ, ЗША і Украіну. Тым часам «Гродна-Азот» увогуле спыніў экспарт прадукцыі і працуе толькі на ўнутраны рынак.
Рэжым паслядоўна абвінавачвае дэмакратычныя сілы ў нагнятанні сітуацыі і лічыць гэта адзінай прычынай, з якой уводзяць санкцыі. Ён не прызнае публічна, але выдатна разумее, што санкцыі - гэта відавочныя наступствы за забойствы мірных беларусаў, катаванні, арышты лідэраў незалежных прафсаюзаў, масавыя рэпрэсіі, захоп самалёта, штучна створаны мігранцкі крызіс на мяжы з ЕЗ і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Мы канцэнтруемся на працы над санкцыямі, якія не закранаюць зберажэнні беларусаў, а хутчэй нават зберагальныя назапашванні пакаленняў у выглядзе золатавалютных рэзерваў, якія сёння бяздарна расходуюць эканамісты рэжыму. Нашая мэта заключаецца ў тым, каб істотна паўплываць на фінансаванне рэжыму і яго рэпрэсіўнага апарата. У першую чаргу размова ідзе аб замарозцы рэзерваў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, карэспандэнцкіх рахункаў дзяржаўных банкаў і сродкаў Міжнароднага валютнага фонду. Таксама асаблівую ўвагу мы надаем магчымасцям абыходу санкцый, пакуль яны існуюць санкцыі не працуюць у поўнай меры, і не аказваюць належнага ўплыву на сітуацыю. Рэжым выкарыстоўвае шчыліны для ўласнага ўзбагачэння, зарабляючы на кампаніях, якія сышлі з Расіі, але засталіся ў Беларусі, і працягі эскалацыі вайны ва Украіне, бо крытычныя кампаненты для ваенна-прамысловага комплексу працягваюць паступаць у Беларусь, а адтуль у Расію.
Эканамічны ціск на рэжым Лукашэнкі павінен быць своечасовым, эфэктыўным і мэтанакіраваным. Гэта дазволіць не расцягваць санкцыі ў часе і мінімізуе пабочныя эфекты, якія закранаюць зберажэнні беларусаў. Толькі ў гэтым выпадку санкцыі здольныя за кароткі час дасягнуць сваёй мэты — прымусіць рэжым спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народа і саўдзел у вайне супраць Украіны, а таксама прымусіць выканаць добра вядомыя рэжыму ўмовы для адмены санкцый: вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій, прыцягненне да адказнасці. вінаватых у жорсткіх рэпрэсіях, вывад расейскіх войскаў і правядзенне новых выбараў пад назіраннем АБСЕ.
Па традыцыі мы публікуем арыгіналы аналітычных запісак, якія перадаюцца намі ў кампетэнтныя органы Еўрапейскага звяза і Злучаных Штатаў Амерыкі, за выключэннем момантаў якія патрабуюць прыватнасці. Мы робім гэта, каб паказаць беларусам вектар, у якім працуем над эканамічным ціскам на рэжым Лукашэнкі. А вынік гэтай працы вы можаце ўбачыць ва ўжо прынятых і запланаваных да прыняцця пакетах санкцый, а таксама, у гнятлівых дадзеных, якія ўжо не ў сілах хаваць нават Белстат і ў тым, як мяняецца рыторыка чыноўнікаў рэжыму.
Comments