top of page

Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў


Што беларусам далі выбары ў Каардынацыйную раду?

Учора завяршылася трохдзённае галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Удзел у выбарах прынялі 6 723 выбаршчыкі. Выбарчая камісія падводзіць вынікі выбараў, канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя 8 чэрвеня.

Вядома, такая невялікая яўка — гэта не тое, чым мы б маглі ганарыцца. Мы разумеем прычыны такой яўкі. Сярод іх дакладна няма віны выбаршчыкаў. Ні адзін адэкватны палітык не можа сабе дазволіць вінаваціць людзей, выбаршчыкаў. 

Аб'ектыўныя прычыны, на наш погляд, наступныя:

  • велізарны супраціў з боку рэжыму Лукашэнкі;

  • хваля рэпрэсій і акцый запалохвання падчас выбараў;

  • прызнанне ўсіх выбарчых спісаў «экстрэмісцкімі» і ўзбуджэнне 257 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў выбараў, канфіскацыя маёмасці, ціск, затрыманні і арышты іх блізкіх. Толькі ў спісе «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» мы маем больш за 25 прыкладаў арыштаў маёмасці і рэпрэсій у дачыненні да сваякоў;

  • кібератакі на платформу для галасавання;

  • блакаванні VPN і г. д.

Гэта ў цэлым стан перманентнага тэрору і страху, у якім жывуць беларусы (і нават за мяжой) з 2020 года. Гэта дакладна не самыя лепшыя ўмовы для выбараў.

Але таксама важна прызнаваць адкрыта:

  • гэта і нашы памылкі, памылкі дэмсілаў, у тым ліку разнастайныя канфлікты, якія дыскрэдытуюць дэмсілы;

  • гэта і «халасты год» кадэнцыі папярэдняга складу КР;

  • гэта і доўгі супраціў ідэі прамых выбараў;

  • гэта і барацьба за тэрміны, а таксама вельмі няўдалы кампраміс па іх. 

Можна доўга працягваць, шукаць нейкія апраўданні. Але адзінае, што мы цяпер сапраўды можам апраўдаць — гэта аказаны давер тымі 7 тысячамі выбаршчыкаў, якіх нам усё ж такі ўдалося прыцягнуць, якія паверылі і даверылі нам свае галасы.

Таму нас, нашу каманду, кааліцыю «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» вынік не дэматывуе.

Па-першае, таму што тысячы беларусаў і беларусак нягледзячы ні на што аддалі нам свае галасы, заявілі пра свой давер той працы і той праграме, з якой мы ўдзельнічалі ў выбарах. І мы будзем працаваць так, каб апраўдаць гэты давер. Мы аднолькава адказныя перад нашымі выбаршчыкамі — будзь іх сотні, тысячы, дзясяткі ці сотні тысяч. І мы будзем рабіць тое, што абяцалі. Мы ўжо гэта робім. Такая наша філасофія. 

Па-другое, перад намі пастаўлена амбіцыйная мэта. Сёння мы атрымалі выяўленую падтрымку тысяч выбаршчыкаў. Значыць мы павінны зрабіць усё, каб заўтра гэтая лічба вырасла ў дзясяткі, а паслязаўтра — у сотні разоў. 

Калі ж казаць пра высновы, якія ўсе мы павінны зрабіць па выніках выбараў, то я б спыніўся на двух ключавых:

1. 7 тысяч аддадзеных на іх галасоў — гэта ў 7 тысяч разоў больш, чым у любога «выбарнага» органа рэжыму Лукашэнкі, бо пры ім няма і не можа быць ніякіх выбараў. Роўна настолькі цяперашняя КР легітымней за тую ж «палатку» Лукашэнкі. Для пачатку — ужо нядрэнна.

2. Вызначана ключавая задача ўпершыню абранай Каардынацыйнай рады — сваёй эфектыўнай дзейнасцю, сваёй рэальнай працай і яе выніковасцю маштабаваць давер як мінімум у дзясяткі, а лепш — у сотні разоў. 

Што ж такое цяперашняя Каардынацыйная рада?

Мы ўжо дакладна можам прыйсці да згоды, што гэта выбарны прадстаўнічы орган. І абраны — так, пакуль з невялікай яўкай выбаршчыкаў. У астатнім Каардынацыйнай радзе неабходна дамовіцца і выразна, зразумела адказаць на гэтае экзістэнцыяльны пытанне, зафіксаваўшы ўласнае вызначэнне ў Статуце. 

Важна таксама, каб новая Каардынацыйная рада эфектыўна працавала ў звязку са Святланай Ціханоўскай як прэзідэнткай-элект, з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам як выканаўчым органам і аказваў уплыў на яго фарміраванне, каб уся сістэма працавала як гадзіннік і па адзінай стратэгіі. Важна разумець, што стратэгія павінна быць менавіта адзінай, таму што мы не знаходзімся ва ўмовах мірнага часу. Мы знаходзімся ў сітуацыі крызісу. І, як бы гучна гэта не гучала, барацьбы за ўладу — але не паміж сабой, а з рэжымам Лукашэнкі. І мы павінны сыходзіць з гэтага.

Пры гэтым мы таксама павінны разумець, што на выбарах прымяненне інструмента галасавання не павінна заканчвацца. Нам неабходна забяспечыць рэальны ўплыў беларусаў на працу КР. У тым ліку ў рамках вызначэння праектных прыярытэтаў, прыярытэтаў фінансавання тых праектаў, якія адказваюць запыту грамадства. І таму важна ў бліжэйшы час стварыць механізм для ўплыву грамадства на гэты працэс. Я бачу тут патэнцыял для выкарыстання платформы Belarus ID і правядзення на ёй адпаведных апытанняў, галасаванняў. 

Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў.

 

bottom of page