top of page

Дэмакратычныя сілы Беларусі і Вярхоўная Рада Украіны разам супраць рэжыму Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол

Лукашэнка, спыні кашмарыць народ — асноўны пасыл любых санкцый у дачыненні да рэжыму. У адказ на злачынныя дзеянні, якія здзяйсняліся і здзяйсняюцца пад патранажам Лукашэнкі як на нацыянальным узроўні, так і ў міжнароднай прасторы, дзяржавы свету працягваюць абмяжоўваць рэжым у магчымасцях. Таму сёння і для большасці беларусаў прозвішча Лукашэнкі з'яўляецца сінонімам паняцця ўпушчаныя магчымасці і прычынай любых абмежаванняў. Так, санкцыі не вырашаюць усіх праблем, але тым не менш з'яўляюцца цывілізаваным інструментам адказу на дзеянні рэжыму. І асабліва важнае пытанне іх эфектыўнасці.

Тэма санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі з'яўляецца прынцыпова важнай для дэмакратычных сіл Беларусі. Гэта адказ нашых замежных партнёраў на варварскія паводзіны рэжыму не толькі ў дачыненні да беларускага народа, але і ў дачыненні да краін-суседзяў.

Санкцыі балюча б'юць па Лукашэнку і яго рэжыму, ён прыкладае максімум намаганняў для іх зняцця і змякчэння , для стварэння карупцыйных схем абыходу і ўключэнню ў гэтыя схемы трэціх краін.

Аднак нават такія маніпуляцыі не асабліва працуюць, таму што ўсё большая колькасць краін схільная да разумення таго, што неабходна ўдасканаленне эфектыўнасці прымянення санкцый.

2 сакавіка 2022 года ЕС забараніў імпарт беларускай драўніны праз дачыненне краіны да расійскай агрэсіі супраць Украіны. У той жа час сумежныя галіны, такія як цэлюлозна-папяровая і мэблевая дагэтуль не пад санкцыямі ЕС і працягваюць фінансаваць рэжым Лукашэнкі.

У выніку яны па-ранейшаму працягваюць паступаць на еўрапейскі рынак. Напрыклад, у першай палове 2023 года ЕС імпартаваў з Беларусі мэблі на 97,2 млн еўра (уключаючы драўляную мэблю на 61,4 млн еўра).

Больш за тое, пасля ўвядзення забароны на пастаўкі на заходнія рынкі расійскай цэлюлозы і паперы значна вырас імпарт цэлюлозы і паперы ў ЕС з Беларусі. Частка гэтых тавараў на самой справе можа мець расійскае паходжанне. Цэлюлоза і папера цяпер складаюць каля 4,5% ад агульнага беларускага экспарту ў ЕС.

Такая сітуацыя перш за ўсё выкліканая розніцай у санкцыйных рэжымах паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі. А даходы ад продажу апрацаванай драўніны і вырабаў з яе не толькі фінансуе рэжым, але і значная частка гэтых даходаў паступае непасрэдна ў асабісты фонд Лукашэнкі.

Рэпрэсіі ў Беларусі не толькі не спыняюцца, яны ўзмацняюцца і прымаюць формы антычалавечнасці. Вайна, якую развязала Расія супраць Украіны пры садзейнічанні і актыўнай дапамозе рэжыму Лукашэнкі, працягваецца і маштабуецца на іншыя рэгіёны.

У такой сітуацыі неабходная своечасовая рэакцыя сусветных дэмакратычных краін на дзеянні двух рэжымаў, як з мэтай пакарання, так і з мэтай апярэджання іх далейшых агрэсіўных дзеянняў і небяспекі.

Такім чынам, патрабуецца хутчэйшая і поўная гарманізацыя санкцый паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, а таксама забарона транзіту праз тэрыторыю Беларусі падсанкцыйных тавараў. Лісты з дадзенымі прапановамі ў прыватнасці намі ўжо накіраваны ўсім краінам-сябрам ЕС.

Неабходнасць гарманізацыі ўведзеных санкцый на Расію і рэжым Лукашэнкі абумоўленая яшчэ і тым, што ва ўмовах існавання агульнай эканамічнай прасторы, фактычна — адзінай эканомікі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы – адсутнасць гарманізацыі санкцый у дачыненні да абедзвюх краін ператварае Беларусь у «шэрую зону» і афшор для абыходу санкцый.

У маі 2023 года Вярхоўная Рада Украіны, падтрымаўшы такія прапановы дэмакратычных сіл Беларусі, прыняла пастанову «Аб звароце Вярхоўнай Рады Украіны да Еўрапейскай камісіі, Еўрапарламенту, Савету Еўрапейскага Саюза, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, урадам і парламентам замежных дзяржаў адносна ўвядзення санкцый на імпарт драўніны і вырабаў з яе, рыбы і морапрадуктаў з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, забароны на экспарт абсталявання і яго камплектуючых, а таксама аб недапушчальнасці функцыянавання міжнародных сістэм экалагічнай сертыфікацыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».

Украіна далучылася да прапаноў па гарманізацыі санкцыі ў дачыненні да расійскай і беларускай драўніны, а таксама вырабаў з яе. На думку ўкраінскага боку, неабходна спыніць імпарт груп гэтых тавараў у ЕС.

На нашу думку імпарт на Захад павінен быць спынены і па іншых групах тавараў, па якіх існуе розніца ва ўжыванні санкцыйных мер паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку на прадукцыю хімічнай прамысловасці, шкло і вырабы з яго, вугаль торф і іншыя тавары. Такая ж гарманізацыя павінна працаваць і ў дачыненні да экспарту з дэмакратычных дзяржаў свету ў Беларусь і Расію.

Санкцыі з'яўляюцца эфектыўным і цывілізаваным адказам на непрымальныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі. А каб гэты цывілізаваны адказ дасягнуў пастаўленай мэты, вельмі важная і неабходная адзіная і бескампрамісная пазіцыя ўсіх краін, якія задэкларавалі перад сваімі грамадзянамі прыхільнасць правам чалавека, міжнароднаму праву і барацьбе за захаванне міру.

Comments


bottom of page