НАУ перадала ў МКС доказы здзейсненых Лукашэнкам, Мезенцавым, Галаватым, Талаем, Волкавай злачынстваў
У адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў мэтах правядзення расследавання злачынстваў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, можа прымаць матэрыялы ад арганізацый і фізічных асоб. Карыстаючыся дадзенай магчымасцю, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне 27 чэрвеня 2023 г. у г.Гаазе перадала Пракурору МУС доказы ваенных злачынстваў, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам, Дзмітрыем Мезенцавым, Іванам Галаватым, Аляксеем Талаем і Вольгай Волкавай.
У адпаведнасці з прадстаўленымі НАУ Пракурору МУС матэрыяламі вышэйзгаданыя асобы ўчынілі ваенныя злачынствы ў форме незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь і іх пераадукацыі.
Прыкладаем адзін з відэа матэрыялаў, які пацвярджае пераадукацыю і ідэалагічную апрацоўку ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.
Выступленне прапагандыстаў сясцёр Груздзевых перад украінскімі дзецьмі ў лагеры Дубрава
Прадстаўленыя Пракурору МКС матэрыялы сведчаць аб тым, што ў перыяд з верасня 2022 года па цяперашні час вядзецца арганізаваны і сістэматычны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь з наступных акупаваных Расіяй украінскіх гарадоў: Данецк, Марыупаль, Валнаваха, Ясінаватая, Янакіева, Снежнае, Харцыск, Горлаўка, Макееўка, Камунараўка, Дэбальцава, Ілавайск, Антрацыт, Ровенкі, Каменка-Дняпроўская. На сённяшні дзень у Беларусь было вывезена больш за 2100 дзяцей.
НАУ таксама ўстаноўлены выпадкі несістэмнага арганізаванага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь да верасня 2022 года.
Зафіксаваны падрабязныя маршруты і спосабы перамяшчэння дзяцей. Украінскія дзеці накіроўваліся з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расіі ў г.Растоў-на-Доне, далей у Беларусь у г.Мінск і да месцаў размяшчэння.
Устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі незаконна перамяшчаюцца ўкраінскія дзеці, якія знаходзяцца пад апекай украінскай дзяржавы: сіроты, дзеці з інваліднасцю, дзеці, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.
Перададзеныя Пракурору матэрыялы сведчаць аб тым, што Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы арганізацыйна-распарадчага характару пад шырмай так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на падставе якіх быў арганізаваны і прафінансаваны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь.
Украінскія дзеці размяшчаліся ў лагерах Зубраня, Дубрава, санаторыях Волма, Астрашыцкі гарадок, Залатыя пяскі. У прыватнасці, найбольшая колькасць дзяцей была вывезена ў лагер Дубрава, які належыць кампаніі Беларуськалій. Суду прадстаўлены доказы непасрэднага ўдзелу ў арганізацыі гэтых злачынстваў кіраўніка кампаніі Беларуськалій Галаватага, які асабіста аддаваў распараджэнні ў пісьмовым выглядзе, якія вызначаюць лёс гэтых дзяцей у Беларусі.
Суду таксама перададзены сведчанні аб ключавой ролі ўдзелу ў гэтых злачынствах Мезенцава, Талая і Волкавай.
НАУ лічыць, што існуюць дастатковыя падставы меркаваць, што вышэйзгаданыя асобы ўчынілі ваенныя злачынствы.
НАУ падкрэслівае, што прававая ацэнка прадстаўленых доказаў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда.
Упершыню публікуем дакумент, які пацвярджае, што Дзяржсакратар т.зв. Саюзнай дзяржавы Мезенцаў у «выкананне рашэнняў» кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы асабіста ў пісьмовым выглядзе даваў даручэнне аб садзейнічанні ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку сірот, на тэрыторыю Беларусі. Дадзены дакумент атрыманы ад крыніцы КіберПартызаны ўнутры сістэмы.
Дадзены дакумент атрыманы ад крыніцы КіберПартызан унутры сістэмы
Адначасова ўжо сёння мы актыўна рыхтуем наступны "ўдар" у крымінальным пераследзе Лукашэнкі за здзейсненыя ім злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва. Гэтыя дзеянні будуць анансаваныя ў бліжэйшы час.
Comments