top of page

Важна, каб у стратэгію бяспекі Еўропы была ўключана перспектыва дэмакратычнай і незалежнай Беларусі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Дасягненне мэты будучай дэмакратычнай Беларусі было галоўным пытаннем падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з палітычным дырэктарам МЗС Ірландыі Джэрардам Кеонам. 

У сувязі з выклікамі для сусветнай бяспекі і вайной, якую вядзе Расія супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці пры распрацоўцы будучай стратэгіі бяспечнай Еўропы ўлічыць падтрымку беларускага грамадства, якое выступае супраць вайны і хацела б жыць у дэмакратычнай, еўрапейскай і незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай да прадстаўніка МЗС Ірландыі аб падтрымцы ў тым ліку:

  • незалежных СМІ і блогераў – і забеспячэнні іх працы ва ўмовах рэпрэсій;

  • няўрадавых арганізацый, асабліва тых, хто займаецца абаронай правоў чалавека.

Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі:

Стратэгіі ціску на рэжым Лукашэнкі праз:

  • прыцягненне Лукашэнкі і яго памагатых да міжнароднай адказнасці за агрэсію супраць Украіны, ваеннае злачынства, звязанае з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей, і злачынствамі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа;

  • пашырэнне санкцый супраць рэжыму і іх гарманізацыю на еўрапейскім узроўні.  

Сітуацыю ў Беларусі:

  • у краіне застаецца вялікая колькасць палітзняволеных – працуе «канвеер» рэпрэсій;

  • усе незалежныя палітычныя партыі ліквідаваныя;

  • больш за 50% няўрадавых арганізацый былі зачыненыя.  

Джэрард Кеон падкрэсліў неабходнасць працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі. Ён адзначыў жорсткасць рэжыму Лукашэнкі і выказаў салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за дэмакратыю, пацвердзіўшы гатоўнасць Ірландыі аказваць дапамогу. 

Прадстаўнік ірландскага МЗС выказаўся за неабходнасць далейшага ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя магчымыя далейшыя крокі па ўзмацненні і наданні большай эфектыўнасці санкцыйнаму ціску.

Павел Латушка: «Ірландыя мае абсалютна рэалістычныя ацэнкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. Ірландыя выступае і будзе выступаць за больш моцныя санкцыі супраць рэжыму, калі ён не спыніць сваю падтрымку ў вайне супраць Украіны. 

Таксама Ірландыя вывучыць магчымасць падтрымкі прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы, якія ён здзяйсняе супраць беларусаў і ў сувязі з агрэсіяй у адносінах Украіны.

Мы абмяркоўвалі і сітуацыю, звязаную з фінансавай падтрымкай і дапамогай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ірландыя абсалютна разумее важнасць і прыярытэтнасць падтрымкі незалежных СМІ і блогераў. Я звярнуўся з просьбай, каб былі выдзеленыя адпаведныя сродкі. Таксама мы казалі пра важнасць фінансавай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў і праваабарончых арганізацый».

Прадстаўнік МЗС Ірландыі адзначыў зацікаўленасць у правядзенні ў Ірландыі адмысловай канферэнцыі, прысвечанай беларускай культуры і яе падтрымцы.

 

Comments


bottom of page