top of page

Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі


Даклад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення

6 жніўня 2023 года дэмакратычнымі сіламі Беларусі была прынята палітычная дэкларацыя, дзе адной са стратэгічных мэтаў пазначаны выхад з усіх саюзаў з агрэсарам — Расійскай Федэрацыяй.

Адным з такіх саюзаў з'яўляецца так званая Саюзная дзяржава. З мэтай павышэння інфармаванасці беларусаў аб тым, што з сябе ўяўляе Саюзная дзяржава, камандай НАУ пры падтрымцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі падрыхтаваны даклад «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі».

У дадзеным дакладзе ўтрымліваецца аналіз шэрагу нарматыўна-прававых актаў Саюзнай дзяржавы, аналіз публічных выказванняў дзяржаўных чыноўнікаў Расіі і Беларусі на тэму Саюзнай дзяржавы, а таксама аналіз публікацый расійскіх экспертаў і аналітыкаў на дадзеную тэму.

Саюзная дзяржава як інтэграцыйны праект Расіі і Беларусі доўгі час разглядаўся многімі экспертамі як нейкі фантом. Сапраўды, цягам амаль 20 гадоў з моманту падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы працэсы інтэграцыі Беларусі і Расіі адбываліся практычна незаўважна.

Да 20-годдзя праекта расійскі бок распачаў спробу актывізаваць дзейнасць для стварэння «паўнавартаснай» Саюзнай дзяржавы, але ў 2019 годзе з шэрагу прычын, у тым ліку праз нежаданне Лукашэнкі ісці на больш глыбокую інтэграцыю без папярэдніх умоў у выглядзе зніжэння коштаў энэрганосьбітаў, адкрыцця расійскіх рынкаў для беларускіх тавараў, кампенсацыі за «падатковы манеўр» Расіі, не ўдалося рэалізаваць задуманае.

Аднак, пасля падзей 2020 года Лукашэнка, паставіўшы жаданне захаваць сваю ўладу вышэй за інтарэсы Беларусі, павялічыў залежнасць беларускай дзяржавы ад Расіі. Лагічным вынікам гэтага стала падпісанне 4 лістапада 2021 года 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы, а таксама абноўленай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы — такім чынам, Расія дасягнула сваёй мэты, якую ставіла перад сабой яшчэ ў 2019 годзе.

Пад шырмай Саюзнай дзяржавы стаў адбывацца чарговы этап узмацнення ўплыву Расійскай Федэрацыі на Беларусь. На цяперашнім этапе відавочна, што Расіі важна было забяспечыць дадатковы плацдарм для наступу ва Украіне, а таксама падтрымку расійскай агрэсіі з боку Беларусі. Пры гэтым фармат Саюзнай дзяржавы разглядаўся як платформа для будучага паглынання заваяваных тэрыторый і афармлення новай імперыі, якая без Украіны і Беларусі проста немагчымая.

Гэты даклад ставіць сваёй мэтай раскрыць і паказаць Саюзную дзяржаву як інструмент імперскай палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі. З улікам зменлівага кантэксту аналіз ролі Саюзнай дзяржавы патрабуе актуалізацыі і дадатковага абмеркавання як у экспертным асяроддзі, так і ў беларускім грамадстве.

Дадзены даклад дазволіць стымуляваць грамадскае абмеркаванне з мэтай фарміравання ў беларускім дыскурсе ўспрымання Саюзнай дзяржавы, адэкватнага пагрозам і выклікам, якія адбываюцца ад яе, і важнасці захавання незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Бо Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі з'яўляецца непасрэднай пагрозай бяспецы як мінімум для чатырох краін Еўропы (Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі), таму што яна знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі.

Пры гэтым для Рэспублікі Беларусь Саюзная дзяржава не стала тым аб'яднаннем, у рамках якога яна атрымлівала б значныя эканамічныя выгады. Адначасова ў рамках двухбаковых адносін паміж Расіяй і Беларуссю узнікала мноства канфліктаў на эканамічнай глебе. Аднак Расійская Федэрацыя выкарыстала Саюзную дзяржаву як шырму для дасягнення сваіх ваенна-палітычных, а цяпер і ўнутрыпалітычных мэтаў.

Сёння Саюзная дзяржава не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права, але пры гэтым з'яўляецца шырмай для павелічэння ўплыву Расіі ў Беларусі і апраўданнем для агрэсіўнай імперскай палітыкі Расійскай Федэрацыі.

Таксама можна меркаваць, што на аснове рыторыкі вакол Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін плануе перамагчы на выбарах прэзідэнта Расіі ў 2024 годзе як збіральнік зямель.

Так, на дадзены момант адбываецца стварэнне перадумоў для ўбудавання партыйна-палітычнай сістэмы Беларусі ў партыйную сістэму Расіі, адпаведна адбываецца своеасаблівая ўніфікацыя партыйнага прадстаўніцтва ў парламентах Расіі і Беларусі. Верагодней за ўсё, канчаткова гэты працэс завершыцца пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі і Расіі.

Гэта можа адкрыць прамую дарогу да старту палітычнай «інтэграцыі» ў рамках Саюзнай дзяржавы шляхам стварэння Парламента Саюзнай дзяржавы, што цалкам адпавядае тым заявам у СМІ прадстаўнікоў рэжыму, якіх можна назваць у нейкай ступені ідэолагамі Саюзнай дзяржавы. Так, праўладны філосаф, выкладчык Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Леў Крыштаповіч, адказваючы на пытанне «Якімі вы бачыце шляхі далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва двух нашых народаў у будучыні?», агучыў наступныя словы: «На мой погляд, трэба казаць не пра мадэрнізацыю, а пра выкананне Дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Гэта значыць ствараць саюзныя органы ўлады, саюзныя грошы, саюзнае грамадзянства, рабіць Саюзную дзяржаву суб'ектам сусветнай супольнасці, карацей: будаваць паўнавартасную Саюзную дзяржаву».

Для незалежнай Рэспублікі Беларусь дэнансацыя Дамовы аб Саюзнай дзяржаве стратэгічна не пацягне негатыўных наступстваў, паколькі сам праект Саюзнай дзяржавы не прынёс за 25 гадоў свайго існавання ніякіх значных вынікаў для ўдзельнікаў Дамовы.

Пры гэтым Расія выкарыстоўвае праект Саюзнай дзяржавы як інструмент сваёй імперскай палітыкі, накіраванай на знішчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, што з'яўляецца экзістэнцыяльным выклікам для беларускай дзяржаўнасці.

Рэзюмэ

1. Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года так і не прывяла да стварэння рэальнага дзяржаўнага ўтварэння, таксама як і органы Саюзнай дзяржавы не сталі паўнавартаснымі дзяржаўнымі інстытутамі. Аналіз Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы дазваляе сцвярджаць, што яна супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Асноўная мэта стварэння праекта Саюзнай дзяржавы — вяртанне ў сферу ўплыву Расіі постсавецкай прасторы, у тым ліку замацаванне за ёй акупаваных тэрыторый Украіны, а ідэалогіяй Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца антылібералізм і ідэі «рускага свету».

2. У рамках дзейнасці Саюзнай дзяржавы асаблівае месца займае ваенна-палітычная інтэграцыя. Пад прыкрыццём вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022» адбылося ўварванне на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што планы Пуціна і Лукашэнкі «ўзяць Кіеў за 3 дні» праваліліся, яны не адмовіліся ад галоўнай мэты — знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці і ўключэння ў перспектыве акупаваных тэрыторый у склад Саюзнай дзяржавы. Далейшыя дзеянні Лукашэнкі па саўдзеле ў агрэсіі супраць Украіны рэалізоўваліся ў рамках абноўленай у лістападзе 2021 года ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы.

3. У рамках рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы актывізавалася ваенна-эканамічнае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Сёння беларускі ВПК з'яўляецца важным элементам для функцыянавання расійскай ваеннай машыны. Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае планамерныя намаганні Расіі па мадэрнізацыі свайго войска, стварэнні новых узораў узбраенняў, лакалізацыі ваеннай вытворчасці, а таксама ўмацаванні яго кадравага і прамысловага патэнцыялу.

4. Адным з фактараў, якія запавольвалі працэс «інтэграцыі» ў рамках Саюзнай дзяржавы, стала развітая грамадзянская супольнасць Беларусі, якая была арыентавана на захаванне незалежнасці сваёй краіны. У 2021 годзе Лукашэнка пачаў ліквідацыю структур грамадзянскай супольнасці. На гэтым фоне ў тым ліку пад прыкрыццём Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі актывізаваліся арганізацыі, фактычна створаныя рэжымам Лукашэнкі, а таксама расійскія грамадскія аб'яднанні і фонды, якія фінансуюцца з Крамля. Гэта фарміруе ўмовы для з'яўлення такога феномену, як псеўдаграмадзянская супольнасць Саюзнай дзяржавы, якая можа стварыць глебу для рэальнага паглынання Беларусі Расіяй.

5. На бягучым этапе таксама робяцца крокі па фарміраванні абноўленай палітычнай сістэмы Беларусі, якая б заклала падмурак для наступнай больш цеснай «інтэграцыі». Адбываецца выбудоўванне партыйна-палітычнай сістэмы Беларусі па прыкладзе Расіі і адпаведна своеасаблівая ўніфікацыя партыйнага прадстаўніцтва ў парламентах Расіі і Беларусі. Гэта можа адкрыць прамую дарогу да стварэння Парламента Саюзнай дзяржавы.

6. Нягледзячы на масіраваную прапагандысцкую апрацоўку, значнага росту падтрымкі беларусаў ідэі аб больш глыбокай інтэграцыі з Расіяй не назіраецца. Беларускае грамадства не прымае той праект Саюзнай дзяржавы, які навязваецца Масквой. Саюзная дзяржава на сёння не стала паўнавартасным суб'ектам міжнароднага права і выкарыстоўваецца як шырма для павелічэння ўплыву Расіі ў Беларусі. Дэнансацыя Дамовы аб Саюзнай дзяржаве стратэгічна не пацягне для Рэспублікі Беларусь негатыўных наступстваў, а, хутчэй, наадварот, паколькі сам саюзны праект не прынёс ніякіх значных станоўчых вынікаў для Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы.

Цалкам даклад можна прачытаць тут:



83 просмотра
bottom of page